RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Па ініцыятыве мясцовых жыхароў у новым мікрараёне Бабруйска будуюць хакейную каробку

У дварах дамоў 74 і 78 на праспекце Будаўнікоў вядзецца будаўніцтва хакейнай каробкі, якую ўзводзяць па ініцыятыве мясцовых жыхароў з удзелам сямі бабруйскіх спажывецкіх жыллёва-будаўнічых кааператываў.

Паводле слоў начальніка аддзела спорту і турызму гарвыканкама Міхаіла Свістунова, гэта выдатны прыклад таго, як карысныя ідэі атрымліваюць увасабленне ў жыццё. «Бабруйчане малайцы, што праявілі ініцыятыву. У пятым і шостым мікрараёнах ёсць хакейныя каробкі, а зараз будзе і ў сёмым. Дзеці, падлеткі і дарослыя змогуць з карысцю праводзіць час і актыўна займацца спортам», – падкрэсліў ён.

Як адзначыў старшыня праўлення СЖБК № 217 Канстанцін Дамакур, жыхары навакольных дамоў звярнуліся да яго з просьбай садзейнічаць у будаўніцтве хакейнай пляцоўкі і на месцы, дзе было поле, зрабілі каробку, збудавалі драўляныя барты і ўстанавілі жалезныя слупы. Унутраная частка гатовая, засталося нацягнуць сетку, паставіць вароты і пафарбаваць пляцоўку, добраўпарадкаваць вакол яе тэрыторыю.

«У рэалізацыі задумкі нам дапамагла адміністрацыя Першамайскага раёна. Будаўніцтва вядзецца сіламі жыхароў, а фінансаванне – за кошт сродкаў спажывецкіх жыллёва-будаўнічых кааператываў. Гэты мікрараён, дзе жывуць маладыя сем’і, дынамічна развіваецца, Хочацца, каб нашы дзеці маглі сябе заняць. Засмучае толькі адсутнасць сапраўднай зімы, якая па графіку даўно ўжо павінна была пачацца. Пакуль цёпла, і заліць каробку мы не можам», – заўважыў Канстанцін Дамакур.

Для хлопцаў значна больш карысна, калі яны ў вольны час зоймуцца спортам, а не будуць сядзець за камп’ютарамі. Ды і дарослыя змогуць успомніць маладыя гады і паганяць у хакей ці пакатацца на каньках. Засталося дачакацца маразоў. Наогул пляцоўка ўніверсальная: вясной, летам і восенню тут можна будзе гуляць у футбол.

bobrlife.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая