RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін падпісалі Магілёўская вобласць і кітайская правінцыя Шэньсі

Магілёўская вобласць і кітайская правінцыя Шэньсі падпісалі пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін і дарожную карту па развіцці супрацоўніцтва на 2021–2023 гады. Зацвердзілі дакументы старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц і губернатар правінцыі Шэньсі Чжаа Ідэ. Цырымонія адбылася сёння ў фармаце анлайн.

Правінцыя Шэньсі з’яўляецца адным з найбуйнейшых адміністрацыйных утварэнняў на тэрыторыі КНР. Яе цэнтральнае размяшчэнне і багацце прыроднымі рэсурсамі гістарычна абумовіла развіццё ўсяго рэгіёна, бо менавіта ў старажытнай сталіцы Сіань пачынаўся галоўны гандлёвы шлях сярэдніх стагоддзяў – Вялікі шаўковы шлях. У нашы дні, нягледзячы на адносную аддаленасць ад буйных эканамічных цэнтраў Пекіна і Шанхая, правінцыя з’яўляецца адным з найбуйнейшых прамысловых і гандлёвых цэнтраў краіны, дзе сканцэнтравана вялікая частка вугальнай і апрацоўчай прамысловасці КНР.

З гэтай правінцыяй наша вобласць стала наладжваць узаемаадносіны адносна нядаўна. У лістападзе 2018 года афіцыйная дэлегацыя Магілёўшчыны знаходзілася з дзелавым візітам у Кітаі. Прадстаўнікі нашай вобласці прынялі ўдзел у мерапрыемствах 25-ай ЭКСПА высокіх дасягненняў у сельскай гаспадарцы, якая праходзіла ў горадзе Янлін. Адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам дадзенага рэгіёна, быў падпісаны пратакол аб намерах па развіцці пабрацімскіх адносін паміж Магілёўскім аблвыканкамам і Народным урадам правінцыі Шэньсі. У красавіку 2019 года камітэт эканомікі Магілёўскага аблвыканкама і Дэпартамент камерцыі кітайскай правінцыі Шэньсі зацвердзілі пагадненне аб намерах па садзейнічанні эканамічнаму развіццю і дружалюбнаму супрацоўніцтву тэрмінам на два гады. А сёння Магілёўская вобласць стала 100 рэгіёнам, з якім Шэньсі афіцыйна ўстанавіла пабрацімскія адносіны. І цырымонія падпісання дала старт святам, прымеркаваным у правінцыі да гэтай падзеі.

«Мы высока ацэньваем патэнцыял нашага супрацоўніцтва і ў далейшым сумесна забяспечым узаемавыгаднае развіццё нашых двухбаковых адносін, а таксама рэалізацыю запланаваных сумесных мерапрыемстваў дарожнай карты, – адзначыў Леанід Заяц. – За апошнія гады маштаб і структура ўзаемаадносін Рэспублікі Беларусь і Кітая дасягнулі найвышэйшага ўзроўню. У яго аснове ляжаць цёплыя і дружалюбныя адносіны кіраўнікоў нашых дзяржаў, якія базуюцца на даверы і разуменні моцных бакоў дзвюх краін».

Супрацоўніцтва Магілёўскай вобласці з КНР за апошнія гады сур’ёзна прасунулася па ўсіх напрамках і сферах дзейнасці, паведаміў Леанід Заяц. З году ў год расце знешнегандлёвы абарот. З 2015 года экспарт у Кітай павялічыўся амаль у 20 разоў. Мы пастаўляем на кітайскі рынак мяса птушкі, ялавічыну, малочную прадукцыю, лён, лесаматэрыялы і мэблю, кандытарскія вырабы. У сваю чаргу, вытворцы высакаякаснай кітайскай прадукцыі сталі надзейнымі партнёрамі для магілёўскіх хімічных і машынабудаўнічых прадпрыемстваў.

«У правінцыі Шэньсі высока развітая сельская гаспадарка, і я хацеў бы прапанаваць рэалізацыю навуковых праектаў у гэтай сферы. Са свайго боку гатовы аказаць неабходную падтрымку нашых ініцыятыў, – падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. – Карыстаючыся выпадкам, прапаную бізнэс-колам правінцыі Шэньсі наведаць у сакавіку 2022 года дні Магілёўскай вобласці ў межах выставы «ЭКСПА» ў Дубаі. Гэта добрая пляцоўка для сустрэчы нашага бізнесу».

Асабліва Леанід Заяц падзякаваў Народнаму ўраду правінцыі Шэньсі за аказаную у мінулым годзе дапамогу медыцынскімі прэпаратамі нашаму рэгіёну ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. «Дзякуючы суладным, сумесным намаганням мы забяспечым далейшае гарманічнае развіццё нашых рэгіёнаў у гэты складаны час», – падсумаваў ён.

Па словах Чжаа Ідэ, падпісаныя дакументы будуць садзейнічаць устанаўленню новых эканамічных і гандлёвых сувязей, умацаванню сяброўскіх і культурных адносін. «Урад КНР высока ацэньвае і падтрымлівае працу Шэньсі па ўстанаўленні і пашырэнні супрацоўніцтва з іншымі краінамі, – падкрэсліў ён. – Правінцыя мае даўнія традыцыі супрацоўніцтва з многімі краінамі, а пабрацімы горада і рэгіёны знаходзяцца на ўсіх пяці кантынентах, і іх колькасць пастаянна павялічваецца». Для гэтага створаны ўсе неабходныя ўмовы. Так, на тэрыторыі Шэньсі дзейнічаюць ільготы рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны, створаны лагістычны порт. У правінцыі сфарміравана годная база падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для эканамічнай сферы.

Вольга Емельянава, фота аўтара  

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая