RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пасля рамонту ў Чавусах адкрылася дзіцячая паліклініка

У Чавусах 14 сакавіка адкрылася пасля рамонту дзіцячая паліклініка, якая будзе прымаць маленькіх жыхароў Чавускага раёна. У нашай краіне ахова здароўя – адзін з найважнейшых напрамкаў у рабоце ўлады ўсіх узроўняў. Шмат робіцца для аказання насельніцтву кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

Галоўны ўрач Чавускай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Бурдзелеў на ўрачыстым адкрыцці адзначыў, што дзіцячая паліклініка – асаблівы аб’ект, тут неабходныя ўсе годныя ўмовы для дзяцей і бацькоў, медыцынскіх работнікаў. Сяргей Віктаравіч падзякаваў кіраўніцтву раёна, КСУП «Чавускі Рамбуд», прадстаўнікам фонду «Канадская дапамога ахвярам Чарнобыля» за рамонт, на які затрачана больш за 53 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў і забеспячэнне паліклінікі абсталяваннем, спонсарскія сродкі на яго склалі каля 43 тысяч рублёў.

Намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Наталля Кандраценка падкрэсліла, што два гады таму ў раёне было прынята рашэнне аб рамонце дзіцячай кансультацыі, паколькі здароўе народа мае на ўвазе ў першую чаргу здароўе дзяцей. Яна павіншавала работнікаў паліклінікі з паляпшэннем умоў працы, пажадала малым менш праблем са здароўем. Наталля Валер’еўна ўручыла Падзячны адрас за аказаную значную дапамогу ад кіраўніцтва раёна Дэйвіду Шо, каардынатару асацыяцыі «Канадская дапамога ахвярам Чарнобыля», Ганароваму грамадзяніну Чавускага раёна, яго прадстаўніку Ганне Балабуевай, якая сказала, што асацыяцыя зацікаўлена ў рэалізацыі такіх значных праектаў, як гэты, для дабрабыту жыхароў Чавускага раёна.

Дырэктар камунальнага будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Чавускі Рамбуд» Мікалай Васількоў сказаў, што калектыў арганізацыі добрасумленна выконваў сваю працу на дадзеным аб’екце. У многіх будаўнікоў ёсць дзеці, якія таксама звяртаюцца ў паліклініку па медыцынскую дапамогу. Бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу Наталля і Павел Панцялеевы падзякавалі ўсім датычным да такой важнай для ўсіх дзяцей і бацькоў раёна справы і медыцынскім работнікам за ўвагу да маленькіх пацыентаў і дапамогу. 

Старшыня Чавускага райвыканкама Эдуард Герасіменка павіншаваў усіх удзельнікаў цырымоніі з адкрыццём гэтага значнага аб’екта, асобныя словы падзякі за аператыўную і якасную працу будаўнікоў выказаў Мікалаю Васількову, у якога, дарэчы, быў дзень нараджэння, пажадаў усяму калектыву дзіцячай паліклінікі здароўя, поспехаў у працы, каб маленькія пацыенты прыходзілі толькі на кансультацыі.

Права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку ў гонар адкрыцця абноўленай дзіцячай паліклінікі было прадастаўлена Наталлі Кандраценка, Сяргею Бурдзелеву, Ганне Балабуевай і Мікалаю Васількову. Пасля цырымоніі пачаўся планавы прыём пацыентаў.

chausynews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая