RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пераможцамі абласнога злёту юных ратавальнікаў-пажарных сталі хлопцы з каманды «Лайф» Магілёўскага раёна

Абласны злёт юных выратавальнікаў-пажарных прайшоў на базе ПАВА-6 Магілёўскага ГАНС. Удзел у мерапрыемстве прыняло 10 каманд-пераможцы аналагічных занальных спаборніцтваў з Магілёва, Бабруйска, Горак, Быхава, Мсціслава, Крычава, Дрыбіна, Магілёўскага і Хоцімскага раёнаў. Юныя ратавальнікі прадэманстравалі спрыт, сілу, уменні, веды і крэатыў у 6 конкурсах.

Творчыя здольнасці, музычнасць, любоў да радзімы, стаўленне да праблем бяспекі жыццядзейнасці каманды праявілі ў конкурсе «Візітная картка». Пераможцай у гэтай намінацыі стала каманда «Лайф» з Кадзінскай сярэдняй школы.

Зачаравальным і яркім быў «Агляд строю і песні». На працягу 7 хвілін каманды маршыравалі, спявалі і выконвалі каманды капітана. Журы найлепшай у гэтым конкурсе вызначыла каманду «Рэзерв» сярэдняй школы № 2 г. Мсціслава.

Важнай часткай злёту сталі конкурсы «Аказанне першай медыцынскай дапамогі» і «АБЖ». У іх удзельнікам трэба было не толькі праверыць тэарэтычныя веды, але і прадэманстраваць на практыцы навыкі і прыёмы аказання дапамогі пацярпеламу. Веды, атрыманыя вучнямі падчас падрыхтоўкі да злёту, стануць годнай апорай і ў паўсядзённым жыцці. У гэтых конкурсах упэўненую перамогу атрымала каманда «Лайф» з Магілёўскага раёна.

Згуртаванасць, адказнасць, цягавітасць і выдатную фізічную падрыхтоўку паказалі юныя ратавальнікі ў конкурсе «Баявое разгортванне». Ад кожнай каманды ўдзельнічала па 5 чалавек (3 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі). Дзеці аператыўна апраналі баявую вопратку і рыштунак і, пасля дазволу суддзі, накіроўваліся да шчыта з пажарным абсталяваннем, пракладвалі магістральную і працоўныя лініі і залівалі мішэні вадой. На выкананне практыкавання давалася дзве спробы. У агульным сумаванні балаў у гэтым конкурсе перамаглі вучні з каманды «Міратворцы» ДУА «Гімназія г. Быхава».

Самым відовішчным быў конкурс «Зводна-палявыя вучэнні», падчас якога дзеці шукалі пацярпелага ў задымленым памяшканні, ліквідавалі наступствы абвальвання і праводзілі выратавальныя працы на паверхні вады. Найлепшыя вынікі ў гэтым найскладанейшым этапе зноў паказала каманда з Быхава.

Барацьба была гарачай, і нават моцныя дажджы не змаглі астудзіць пераможны запал удзельнікаў. Па выніках спаборніцтва пераможцамі сталі юныя-ратавальнікі з каманды «Лайф» (Магілёўскі раён). Серабро зайграла ў руках каманды «Міратворцы» (г. Быхаў), а з бронзай са злёту зпаехала каманда «NEXT» (г. Горкі).

Арганізатарамі злёту выступілі Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС, Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, галоўнае ўпраўленне адукацыі і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Рэд.

 

 

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая