RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Правілы бяспечных паводзін нагадалі пажылым магілёўцам ратавальнікі

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва ніколі не бывае сумна. Пенсіянеры асвойваюць бальныя і ўсходнія танцы, займаюцца фітнесам, вучаць замежныя мовы, спасцігаюць камп’ютарную граматнасць. Акрамя таго, заняткі ў тутэйшых клубах, гуртках і аматарскіх аб’яднаннях яшчэ і карысныя.

– Перыядычна да нас у госці прыходзяць ратавальнікі для правядзення прафілактычнай работы па пажарнай бяспецы, – расказвае кіраўнік гуртка па рукадзеллі «Свет пазітыву» Надзея Пятрова-Кумінская, часовы выканальнік абавязкаў загадчыка аддзялення. – Напрыклад, сёння ў межах другога этапу рэспубліканскай акцыі «Бяспека ў кожны дом» інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага гарадскога аддзела надзвычайных сітуацый Віталь Катляроў у лёгкай і цікавай форме растлумачыў, як карыстацца АПА і абслугоўваць іх, асобную ўвагу завастрыў на тым, як сачыць за пячным абсталяваннем, бо многія нашы наведвальнікі «залатога» ўзросту пражываюць у прыватных дамах.

Больш за 20 пажылым грамадзянам у гульнявой форме з элементамі квэста нагадалі, як паводзіць сябе пры пажары, што рабіць, калі яны затрымаліся ў ліфце. Таксама Віталь Анатольевіч паказаў ім тэматычныя відэаролікі і раздаў маляўнічыя інфармацыйныя буклеты. У адказ наведвальнікі аддзялення прэзентавалі творчыя нумары.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая