RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прыём заявак на радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі» стартуе 15 сакавіка

Прыём заявак на XI Рэспубліканскі творчы радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі» пачынаецца 15 сакавіка, паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Конкурс пройдзе ў красавіку-маі пад знакам Года гістарычнай памяці. Заявіць пра сябе ў адной з сямі творчых намінацый традыцыйна прапануецца юным вакалістам і музыкантам з усёй рэспублікі. Падчас трох тураў удзельнікаў чакае камбінаваны фармат праслухоўванняў: нараўне з дыстанцыйным праглядам відэавыступленняў запланаваны вочныя сустрэчы з калегіяй журы ў Вялікай студыі Дома радыё, у тым ліку ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

Намінацыі «Эстрадны вакал», «Інструментальная музыка» і «Спадчына» для салістаў і ансамбляў чакаюць дзяцей ад 10 да 21 года. Катэгорыя «Акадэмічны вакал» для юнакоў і дзяўчат старэйшых – ад 17 да 25 гадоў. Усім канкурсантам трэба будзе падрыхтавацца да выканання трох рознахарактарных твораў, адзін з якіх – беларускага аўтара. Песні на роднай мове стануць тэмай I тура эстраднай і фальклорнай намінацый. Інструменталісты і класічныя вакалісты паспрабуюць уразіць прафесійнае журы выкананнем твораў на свой густ.

Відэазапісы для ўдзелу ў I туры і заяўкі разам з усімі неабходнымі дакументамі прымаюцца да 31 сакавіка ўключна па адрасе: 220114, Мінск, вул. Чырвоная, д. 4 або па электроннай пошце: talentbelarus@gmail.com з пазнакай «Маладыя таленты Беларусі – 2022».

Пераможцаў радыёконкурсу назавуць у маі – усе яны атрымаюць ад Першага нацыянальнага дыпломы лаўрэатаў і памятныя прызы, а таксама магчымасць пачуць сябе на FM-хвалях.

Праект «Маладыя таленты Беларусі» праводзіцца з 2009 года, і за ўвесь час у ім прынялі ўдзел больш за 3 тыс. выканаўцаў і калектываў. З 2013 года прызёры конкурсу рэгулярна становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая