RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Работнікам друкаваных і электронных СМІ Магілёўшчыны ўручылі ўзнагароды

Цырымонія ўзнагароджання работнікаў друкаваных і электронных СМІ, рэгіянальнай друкарні, прысвечаная Дню друку і Дню радыё, тэлебачання і сувязі адбылася сёння ў Палацы культуры вобласці.

Журналістаў і друкароў Магілёўшчыны павіншавалі з прафесійным святам. Каля 60 прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі ўручылі ганаровыя граматы, дыпломы, падзякі і падзячныя лісты Магілёўскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, Саветаў дэпутатаў, сілавых структур і грамадскіх аб’яднанняў. На адрас прадстаўнікоў прэсы прагучалі словы падзякі за высокі прафесіяналізм, вернасць прафесіі, важкі асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, садзейнічанне развіццю і ўдасканаленню дзяржаўных СМІ Магілёўскай вобласці.

«Праўдзівая, дакладная, своечасовая інфармацыя – гэта тое, чым сёння валодаюць нашы сродкі масавай інфармацыі. Вельмі важна, што сёння мы да друкаванага слова, слова Telegram-каналаў ставімся па-асабліваму, хоць часам – з доляй крытыкі, часам – з доляй іроніі. Але самае галоўнае, што сёння сродкамі масавай інфармацыі сфарміравана грамадская прастора. І гэта гаворыць пра тое, што мы працуем у правільным кірунку па адносінах да тых падзей, якія адбываюцца вакол, – падкрэсліў падчас размовы з журналістамі намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка. – Мы сёння жывем у свеце, падзеленым цэлым шэрагам праблем і разладаў. Адбываюцца глабальныя, тытанічныя, геапалітычныя зрухі. Мы бачым, як уладкоўваецца новы светапарадак. І ў гэтай частцы значнасць прафесіі журналіста вельмі важная, каб наша грамадства заставалася кансалідаваным, каб да кожнага жыхара ўдавалася данесці праўдзівае слова. Значна і тое, што вы вяртаеце беларусаў да нацыянальных каштоўнасных арыенціраў, нашых традыцый. Што кожны з вас з’яўляецца не толькі прафесіяналам у сваёй справе, але і сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны, патрыётам».

З прафесійным святам павіншаваў прадстаўнікоў прэсы і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк:

«Я ўпэўнены, што тыя людзі, якія знаходзяцца сёння ў зале, – гэта эліта, прафесіяналы, якіх будуць шанаваць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Сваім майстэрствам вы даносіце інфармацыю якасна і пэўна, фарміруеце асэнсаванае ўспрыманне таго, што адбываецца, даступна падаяце інфармацыю для пажылых людзей. І захоўваеце той патрыятызм, які ўласцівы беларусам.

Хачу падзякаваць Вам за невычэрпную энергію і дапытлівы розум, словы, якія вы знаходзіце, адлюстроўваючы тую ці іншую інфармацыю. Мы бачым, як мяняюцца нашы газеты і інтэрнэт-рэсурсы, з’яўляюцца і ўкараняюцца новыя падыходы. Упэўнены, сфера будзе ўдасканальвацца і далей. Жадаю вам поспехаў, прафесійнага росту і выканання ўсяго задуманага».

У сваю чаргу старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык павіншавала журналістаў ад асобы ўсяго дэпутацкага корпуса, падкрэсліўшы, што галоўная прылада ў іх руках – слова, з дапамогай якога яны даносяць да жыхароў Прыдняпроўскага краю актуальную і праўдзівую інфармацыю аб развіцці нашай вобласці і краіны. І падзякавала за прафесіяналізм, адказнасць, актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Важнасць і запатрабаванасць прафесіі журналіста ў сучасным свеце пазначыла начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка. Яна адзначыла, што на Магілёўшчыне працуюць прафесіяналы, якімі ганарыцца ўся вобласць і якіх у Рэспубліцы Беларусь адзначаюць узнагародамі на самым высокім узроўні.

Добрыя словы прагучалі ў гэты дзень і ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз журналістаў» Святланы Шутавай, старшыні Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максіма Гурына.

У гэты дзень таксама адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі Магілёўскай вобласці па выніках 2021 года. Пераможцам сярод рэдакцый абласных і гарадскіх газет стала інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці». Сярод рэдакцый раённых газет на першым месцы размясцілася рэдакцыя круглянскай раённай газеты «Сельскае жыццё», на другім – рэдакцыя газеты «Горацкі веснік», трэцяе дасталася рэдакцыі Быхаўскай раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя». Названыя былі і пераможцы ў намінацыі «Найлепшыя інтэрнэт-рэсурсы рэдакцый». Першае месца заняло сеткавае выданне mogilove.by рэдакцыі газеты «Вестник Могилева», другое – у сеткавага выдання bobrlife.by рэдакцыі газеты «Бабруйскае жыццё», трэцяе – у сеткавага выдання golk.by рэдакцыі газеты «Голас Касцюкоўшчыны».

Сярод журналістаў рэгіянальных дзяржаўных выданняў першага месца ўдастоены намеснік галоўнага рэдактара інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» – рэдактар газеты «Магілёўскія ведамасці» Аляксандр Булай. Першае месца сярод журналістаў таксама заняла адказны сакратар глускай раённай газеты «Радзіма» Вольга Янушэўская. Другое месца ў спаборніцтве прысуджана рэдактару аддзела навін газеты «Святло Кастрычніка» Валянціне Краўцовай, трэцяе падзялілі адказны сакратар Клімавіцкай газеты «Родная ніва» Галіна Цыганкова і загадчык аддзела інфармацыі і сельскай гаспадаркі «Крычаўскае жыццё» Аляксандр Гаўрыленка. Пераможцам спаборніцтва сярод фотажурналістаў прызнаны вядучы фотакарэспандэнт газеты «Баруйскае жыццё» Аляксандр Анташкевіч. Узнагарода была ўручана і за перамогу ў творчым конкурсе імя Міхаіла Гарадзецкага на найлепшую публікацыю ў друкаваных СМІ паводле вынікаў 2021 года на тэму «Год народнага адзінства» – яе атрымала галоўная рэдактарка раённай газеты «Крычаўскае жыццё» Ганна Мармузевіч.

Святочную цырымонію дапоўнілі канцэртныя нумары творчых калектываў.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая