RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэферэндум-2022: трэба кожнаму працаваць на патрыятызм

Развіццё залежыць ад кожнага з нас.

Трэба ўсім разам працаваць на патрыятызм, перакананыя беларусы, рыхтуючыся да хуткага рэферэндуму

Чым бліжэйшая дата рэферэндуму, тым большы ціск звонку аказваецца на нашу краіну. Учора Прэзідыум Савета Рэспублікі прыняў заяву адносна скажэння еўрадэпутатамі сітуацыі ў Беларусі. «Атрымліваючы звесткі з недакладных і палітызаваных крыніц, яны наўмысна ўводзяць у зман грамадскасць сваіх дзяржаў адносна канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі». Між тым «…у Беларусі, як нідзе ў іншых краінах, развіта народаўладдзе і змены ў Асноўны Закон прымаюцца не кулуарна, а на ўсенародным рэферэндуме. Дэпутатам Еўрапейскага парламента пара спыніць беспадстаўныя разважанні і сур’ёзна задумацца аб выпрацоўцы цывілізаванай канструктыўнай палітыкі ў дачыненні да суверэннай і незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь». У гэтым жа пераканана і большасць беларускіх грамадзян.

Высокі ўзровень абароненасці

Сістэма сацыяльнай абароны ў нашай краіне выбудавана так, каб людзі не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі, заявіў учора на выніковай калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч:

– Многія напрамкі работы камітэта выкладзены ў Канстытуцыі – дакуменце, дзе гарантыі сацыяльнай абароны насельніцтва вызначаны як прыярытэтныя для нашай краіны. У залежнасці ад таго, якія дасягаюцца поспехі ў гэтай сферы, людзі ацэньваюць працу дзяржавы.

Устойлівая заработная плата, сацыяльныя дапамогі, пенсійнае забеспячэнне – усё знаходзіцца ў поле зроку.

Пры гэтым і дзеючай рэдакцыяй Асноўнага Закона, і праектам яго змяненняў і дапаўненняў вялікая ўвага надаецца стабільнаму развіццю рэгіёнаў і сацыяльнаму дабрабыту людзей. Віктар Лісковіч прывёў паказальны факт:

– За апошні час колькасць шматдзетных сем’яў вырасла ў два разы. Гэта сведчыць пра тое, што людзі сёння ўпэўнена глядзяць у будучыню і разумеюць, што іх дзеці будуць жыць не горш, чым мы з вамі.

Падчас рабочай паездкі на Магілёўшчыну сенатар наведаў і дзве сельскія школы Бялыніцкага раёна. Падставай паслужыў калектыўны зварот жыхароў вёскі Малы Кудзін, незадаволеных закрыццём мінулай восенню мясцовай школы ў сувязі з аварыйным станам даху. Выснова па выніках разбору засталася ранейшай: бяспека дзяцей – перш за ўсё.

Роўнасць магчымасцяў

Днём раней намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый Баскаў наведаў перадпрэм’ерны паказ фільма «Адна каманда – адна мара» і прыняў удзел у дыялогавай пляцоўцы з членамі нацыянальнай зборнай краіны па хакеі.

– Арыентаванасць дзяржавы на захаванне базавых сацыяльных гарантый будзе ўмацавана і ў новым праекце Канстытуцыі, які выносіцца на рэспубліканскі рэферэндум 27 лютага, – прыводзіць словы сенатара прэс-служба Савета Рэспублікі.

Адзначыўшы, што адно з пытанняў, якія хвалююць сёння кожнага беларуса – захаванне бясплатнай адукацыі і медыцынскага абслугоўвання, магчымасці для бясплатных заняткаў спортам і падтрымання здаровага ладу жыцця, Дзмітрый Баскаў сказаў:

– Хакеісты, якія трапілі ў цяперашняе скліканне нацыянальнай каманды, прадстаўляюць 12 населеных пунктаў нашай краіны, што як нельга лепш адлюстроўвае роўнасць магчымасцяў для маладых людзей незалежна ад іх рэгіянальнай прыналежнасці. Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў у сваіх выступленнях, што спорт у Беларусі заўсёды быў, ёсць і будзе сацыяльна даступным для ўсіх катэгорый грамадзян.

Сенатар падкрэсліў важнасць удзелу кожнага беларуса ў маючым адбыцца рэферэндуме і заклікаў хакеістаў нацыянальнай каманды не паддавацца на рознага роду правакацыі, якімі сёння запаўняецца інфармацыйная прастора, а зрабіць свой усвядомлены выбар на ўчастках для галасавання.

Назіральнікі рыхтуюцца да працы

На пасяджэнне штаба місіі назіральнікаў ад СНД у штаб‑кватэры Садружнасці ў Мінску былі разгледжаны пытанні, якія тычацца арганізацыі працы штаба ў перыяд падрыхтоўкі да правядзення рэспубліканскага рэферэндуму, пачатку маніторынгу ў рэгіёнах Беларусі, ходу акрэдытацыі назіральнікаў. Як паведаміла прэс-служба Выканкама СНД, у найбліжэйшыя дні доўгатэрміновыя назіральнікі ад СНД плануюць наведаць шэраг абласцей нашай краіны, дзе сустрэнуцца з членамі камісій па рэферэндуме ўсіх узроўняў. Таксама адбудуцца сустрэчы прадстаўнікоў штаба з кіраўніцтвам дзяржаўных органаў Беларусі, адказных за разгляд скаргаў і заяў, звязаных з правядзеннем рэферэндуму.

Як паведамілі ў ЦВК, па стане на 7 лютага для назірання за ходам правядзення рэферэндуму былі акрэдытаваныя 17642 нацыянальных і 31 замежны (міжнародны) назіральнік. Больш за ўсё нацыянальных назіральнікаў накіравалі грамадскія аб’яднанні – 13307 чалавек, у тым ліку палітычныя партыі – 1160. Грамадзянамі накіравана 2515 чалавек, працоўнымі калектывамі – 1160. Працэс накіравання назіральнікаў працягваецца.

Утвораны ўчастковыя камісіі

Усяго ў іх склад увайшлі 58354 чалавекі з 59176 вылучаных, паведамляе телеграм-канал Цэнтрвыбаркама. Гэта прадстаўнікі грамадзян (33,4 працэнта), працоўных калектываў (11,1 працэнта), грамадскіх аб’яднанняў (55,5 працэнта), у тым ліку палітычных партый (4,3 працэнта).

Больш за ўсё членаў камісій вылучалася ад прафесійных саюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, – 9398 чалавек. Ад Беларускага саюза жанчын і Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» увайшлі па 4457 і 4456 прадстаўнікоў адпаведна. Прадстаўнікоў БРСМ у складзе ўчастковых камісій – 3690 чалавек.

Ад палітычных партый больш за ўсё ўвайшло прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі – 895 чалавек. Ад Беларускай аграрнай партыі – 582, беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі – 580, сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай згоды – 239, Ліберальна-дэмакратычнай партыі – 177, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 38.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая