Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін сустрэўся са старшынямі сельвыканкамаў Магілёўскага раёна, дэпутацкім корпусам і прадстаўнікамі Маладзёжных Саветаў пры абласным і раённым Саветах дэпутатаў. Удзельнікі абмеркавалі павышэнне эфектыўнасці работы мясцовага самакіравання і ўзмацненне сувязі з насельніцтвам.


Сустрэча прайшла на базе Вейнянскай сярэдняй школы. У абмеркаванні таксама прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага райвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка.

Галоўнымі тэмамі для абмеркавання ў час семінара сталі работа са зваротамі грамадзян і скарачэнне тэрмінаў разгляду запытаў, тыповыя праблемы сельскіх тэрыторый (водазабеспячэнне, стан дарог, графікі работы аўтакрам, добраўпарадкаванне могілак), а таксама патрабаванні да сучаснага стылю работы старшынь сельвыканкамаў і дэпутатаў.

Аляксандр Гарошкін акцэнтаваў увагу на тым, што зніжэнне колькасці скаргаў ад насельніцтва не заўсёды з'яўляецца станоўчым паказчыкам:

– Для прадстаўнічай улады памяншэнне колькасці зваротаў можа казаць пра адваротнае: людзі не давяраюць вам і пішуць адразу на вышэйстаячыя ўзроўні. З усімі пытаннямі вяскоўцы павінны ісці да старшыні сельвыканкама. Вы бліжэй за ўсіх да людзей.


Сенатар падкрэсліў, што жыхары пільна сочаць за працай мясцовай улады, і заклікаў кіраўнікоў на месцах больш актыўна прыцягваць грамадзян да вырашэння агульных пытанняў праз талаку і суботнікі.

Асобна была разгледжана дзейнасць дэпутацкага корпуса. Аляксандр Гарошкін заклікаў народных абраннікаў «жыць праблемамі сваёй акругі» і выбудоўваць цеснае ўзаемадзеянне са старшынямі сельвыканкамаў.

Удзельнікі нарады таксама абмеркавалі змены, што рыхтуюцца ў заканадаўства, датычныя працы сельскіх выканаўчых камітэтаў. Аляксандр Гарошкін нагадаў, што прапановы па ўдасканаленні прававой базы прымаюцца да 9 чэрвеня, і заклікаў кіраўнікоў і дэпутатаў накіроўваць канкрэтныя ініцыятывы праз старшыню раённага Савета дэпутатаў.


Па выніках сустрэчы выпрацаваны прапановы па павышэнні аператыўнасці і якасці адказаў на запыты жыхароў, а таксама вызначаны шляхі ўмацавання зваротнай сувязі паміж уладай і насельніцтвам на мясцовым узроўні.

 pniva.by