У Слаўгарадскім раёне ўборачная кампанія набірае абароты. У ААТ «Ляснянскі Агра» паралельна вядзецца ўборка азімага ячменю і азімага рапсу. На палях задзейнічана шэсць камбайнаў. Работы арганізаваны ад зары да зары, або, як гавораць мясцовыя камбайнеры, ад расы да расы.

Як адзначыў першы намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Андрэй Валынцаў, тэхнікі дастаткова, уся яна беларускай вытворчасці і знаходзіцца ў спраўным стане.


Адмысловая ўвага нададзена камфортным умовам працы механізатараў. Кабіны камбайнаў абсталяваны аўдыёсістэмай, кандыцыянерамі, якія рэгулююцца ў некалькіх палажэннях крэсламі і рулявымі калонкамі. Для павышэння якасці ўборкі прадугледжаны эрганамічны джойсцік кіравання жняяркай і кампутарызаваная сістэма кантролю працоўных працэсаў.


На адным з такіх укамплектаваных па апошнім слове тэхнікі камбайнаў працуе Арцём Ганчароў. Цяперашняя ўборачная кампанія для Арцёма юбілейная – дзесятая. Малады, але ўжо вопытны механізатар падкрэсліў, што на сучасных камбайнах працаваць прыемна і камфортна, а ад гэтага і вынікі працы растуць з кожным годам.


На сённяшні дзень у Слаўгарадскім раёне ўбрана 20 працэнтаў плошчаў азімага ячменю і 16 працэнтаў пасеваў азімага рапсу. Настрой у камбайнераў, механізатараў і вадзіцеляў баявы — аграрыі нацэлены на атрыманне дастойнага ўраджаю. Умовы надвор'я пакуль спрыяюць правядзенню палявых работ, што дазваляе захоўваць добры тэмп гарачай пары.


 mogilevnews.by