RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Родная зямля ў надзейных руках». Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды працаўнікам АПК

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым ушанаванні перадавікоў аграпрамысловага комплексу ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.

Усяго на ўрачыстае мерапрыемства было запрошана каля 600 чалавек. У іх ліку не толькі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, але і радавыя працаўнікі АПК – трактарысты, жывёлаводы, аператары машыннага даення і прадстаўнікі цэлага шэрагу іншых прафесій.

Прэзідэнт падзякаваў вяскоўцам і працаўнікам АПК за працавітасць, прафесійны выбар і адданасць справе. «З году ў год сваімі поспехамі вы паказваеце, што родная зямля ў надзейных руках», – адзначыў ён.

У гэты святочны дзень Аляксандр Лукашэнка ад усёй душы пажадаў усім выключнага здароўя, шчасця і дабрабыту, а роднай беларускай зямлі – міру і дабра.

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што, магчыма, з сённяшняга ўшанавання ў Палацы Незалежнасці зараджаецца яшчэ адна традыцыя сучаснай Беларусі, заснаваная на традыцыях мінулага. «Ва ўсіх раёнах, абласцях прайшлі святы – «Дажынкі». Усім мы падзякавалі», – сказаў ён. У той жа час паспяховых у сферы АПК людзей становіцца ўсё больш і больш, іх тысячы і тысячы, таму не ўсіх ушаноўваюць у сталіцы, многіх узнагароджваюць за працу на месцах.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды – ордэны, медалі і нагрудныя знакі да ганаровых званняў – перадавікам аграпрамысловай галіны, якія дасягнулі найвышэйшых вынікаў у працы.

Шэраг работнікаў АПК удастоены медаля «За працоўныя заслугі». Шасцярым супрацоўнікам прадпрыемстваў прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада падпісаў указ, у адпаведнасці з якім за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё АПК, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў дзяржузнагародамі адзначаны заслугі 78 чалавек. Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў распараджэнне, якім аб’явіў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадстаўнікам арганізацый, прадпрыемстваў і профільных адукацыйных устаноў аграпрамысловага комплексу.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая