RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Руслан Страхар: Індыя – вельмі перспектыўны рынак для паставак беларускай прадукцыі

У Магілёўскім аддзяленні БелГПП прайшла сустрэча прадстаўнікоў прыватнага бізнесу і дзяржаўных прадпрыемстваў з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Індыі ў Беларусі Алакам Ранджанам Джа. Удзельнікі прэзентавалі свае прадпрыемствы, расказалі аб інвестыцыйным патэнцыяле рэгіёна, абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва Магілёўскай вобласці і Індыі ў розных сферах.

Эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял рэгіёна прэзентаваў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. Ён падкрэсліў, што гандаль – адзін з еайважнейшых складнікаў у супрацоўніцтве. «Таму мы запрасілі прадстаўнікоў бізнесу Магілёўскай вобласці, дзяржаўных арганізацый, зацікаўленых у супрацоўніцтве з Індыяй. Мы жывём у няпросты час, на нашых вачах мяняюцца адносіны краін і гандлёвыя адносіны, разбураюцца дамоўленасці, часам насуперак эканамічным інтарэсам. Наша краіна заўсёды адрознівалася выкананнем дамоўленасцей. Якасць стала асноўнай характарыстыкай нашай прадукцыі, – адзначыў ён. – У гэты перыяд мы асабліва вітаем тыя краіны, якія гатовы працягваць з намі працаваць. Менавіта зараз мы разам зможам выбудаваць новыя сувязі і стаць мацнейшымі з эканамічнага пункту гледжання. Гэта важны крок на шляху развіцця адносін паміж Беларуссю і Індыяй».

Удзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі 7 прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці. Сярод іх спецыяліст па ЗЭД ААТ «Стужка» Марына Юрэвіч. «Мы зараз асноўны націск робім на рынак Расійскай Федэрацыі, паколькі пакупнікі з далёкага замежжа маюць праблемы з пераводам грашовых сродкаў з-за санкцый. Разам з тым Расія павялічвае аб’ёмы заказаў, што для нас добра і выгадна, – расказала яна. – Прадукцыя нашага прадпрыемства карыстаецца попытам у краінах ЕАЭС. Пастаўляем сваю прадукцыю ў краіны Балтыі, Польшчу, Германію, Венгрыю і Ізраіль». Як адзначыла Марына Юрэвіч, магілёўская «Стужка» зацікаўлена ў новых рынках збыту для сваёй прадукцыі. Сустрэча з паслом Індыі – важны крок у наладжванні новых кантактаў.

Яшчэ адным удзельнікам сустрэчы стаў намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Завод газетнай паперы» Юрый Шлямнёў. Прадпрыемства зацікаўлена ў тым, каб пастаўляць сваю прадукцыю на індыйскі рынак. Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Андрэй Ярцаў расказаў аб магчымасцях свабоднай эканамічнай зоны, аб тым, як стаць рэзідэнтам і якія прэферэнцыі ёсць у інвестараў, калі яны хочуць адкрыць сваю вытворчасць у СЭЗ «Магілёў».

Уздымаліся падчас абмеркавання і праблемныя пытанні. Гарбарныя прадпрыемствы вобласці, як прыватныя, так і дзяржаўныя, сутыкнуліся з праблемамі ў лагістыцы. Яны закупляюць у Індыі фарбавальнікі і дубільныя раслінныя рэчывы. З-за санкцыйных рашэнняў шэрагу краін парушыліся лагістычныя ланцужкі, пастаўляць гэтыя рэчывы вялікімі аб’ёмамі стала практычна немагчыма. Пасол Індыі адзначыў, што з боку Індыі ніякіх перашкод для пастаўкі хімічных рэчываў няма, але неабходна сумесна з іншымі краінамі прапрацаваць шляхі, па якіх яны будуць дастаўляцца ў Беларусь.

Падводзячы вынікі, Руслан Страхар сказаў, што такі дыялог выклікаў жывую цікавасць з боку прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці. «З улікам таго, што цяпер нашы прадпрыемствы пераарыентуюцца на іншыя рынкі, Індыя – адзін з перспектыўных напрамкаў. Мы зацікаўлены пастаўляць туды машынабудаўнічае абсталяванне, прадукцыю лесаперапрацоўкі. Актыўна абмяркоўвалі магчымасць пастаўкі на індыйскі рынак нашай газетнай паперы. Індыя з’яўляецца адным з найбуйнейшых спажыўцоў гэтай прадукцыі ў свеце, – падкрэсліў ён. – Акрамя таго, Індыя – буйны пастаўшчык хімічных тавараў і прадукцыі. Асабліва фарбавальнікаў, якія запатрабаваны ў лёгкай прамысловасці. Цэлы шэраг беларускіх прадпрыемстваў зацікаўлены ў пастаўках гэтых рэчываў. Застаецца адкрытым пытанне лагістыкі, над якім мы будзем працаваць найбліжэйшым часам. Важна, што абодва бакі гатовы сумесна працаваць над новымі лагістычнымі схемамі».

Па выніках сустрэчы будуць сабраны ўсе прапановы, якія перададуць паслу, каб дапамагчы наладзіць новыя кантакты для бізнесу як Магілёўскай вобласці, так і індыйскага боку.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая