RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Руслан Страхар: знешні ціск, які аказваецца на нас сёння, толькі ўмацуе эканомікі нашых краін

Чвэрць стагоддзя таму – 2 красавіка 1997 года – быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. Трывалай асновай братэрства дзвюх дзяржаў служыць багатая духоўная і культурная спадчына, а развіццё ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін садзейнічае яшчэ больш цеснаму згуртаванню. Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі наш карэспандэнт сустрэлася з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхарам, які расказаў аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве вобласці з краінай-суседкай.

Партнёрства для агульнага дабра

– Руслан Барысавіч, для Магілёўскай вобласці, як і для ўсёй Беларусі, Расійская Федэрацыя застаецца найважнейшым і надзейным стратэгічным партнёрам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Выкажу здагадку, што істотную ролю ў гэтым адыгрывае геаграфічнае становішча.

– Наш рэгіён геаграфічна, а галоўнае гістарычна найбольш блізкі да Расіі па культурным кодзе. І асабліва яскрава гэта праяўляецца ў міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Сяброўства рэгіёнаў дае магчымасць развіваць культурныя і спартыўныя сувязі, абменьвацца навуковымі ведамі. Але адзін з найважнейшых на сёння вынікаў – гэта рост эканамічнай інтэграцыі, узаемная кааперацыя на рынку вытворчых, інвестыцыйных і працоўных рэсурсаў.

Удзельная вага РФ у знешнегандлёвым абароце рэгіёна ў 2021 годзе склала 57,3 працэнта, а яго аб’ём дасягнуў 177 мільярдаў расійскіх рублёў.

У Расію экспартуецца шырокая наменклатура прадукцыі, што вырабляецца магілёўскімі прадпрыемствамі. Нашы найбуйнейшыя вытворцы – ААТ «Белшына», ААТ «Магілёўхімвалакно», ААТ «Магілёўліфтмаш», ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу “Бабруйскаграмаш”», ААТ «Бабушкина крынка» і ААТ «Чырвоны харчавік» – ужо даўно і добра вядомыя на рынку Расійскай Федэрацыі.

У сваю чаргу, адзначаецца эфектыўная дзейнасць расійскіх кампаній на беларускім рынку. На сёння ў Магілёўскай вобласці зарэгістравана больш за 330 арганізацый з расійскім капіталам.

– Як паўплывалі на сітуацыю апошнія сусветныя падзеі і санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду?

– Мы жывём у няпросты час. На нашых вачах адбываецца структурная змена сусветных палітычных, эканамічных і гандлёвых працэсаў. Змяняецца само паняцце абавязковасці выканання дамоўленасцей. Часам насуперак разумнаму сэнсу і асновам эканомікі.

Давайце шчыра скажам, знешні ціск, які аказваецца сёння на нас, толькі ўмацуе эканомікі нашых краін. Ён пасадзейнічае больш эфектыўнаму выбудоўванню кааперацыйных ланцужкоў нашых прадпрыемстваў, забяспечыць агульную імпартазамяшчальную палітыку.

Напрыклад, маштабны інвестыцыйны праект рэалізуе прадпрыемства па выпуску тэхнічнага вугляроду ЗТАА «Омск Карбон Магілёў». Інвестарам ужо накіравана больш за 5 мільярдаў расійскіх рублёў, створана 545 працоўных месцаў. Адпраўным пунктам для пачатку рэалізацыі праекта паслужыў візіт губернатара Омскай вобласці ў наш рэгіён.

Актыўна вядзецца работа і па рэалізацыі сумесных праектаў у сацыяльнай сферы. Напрыклад, у межах двухбаковых дагавораў і пагадненняў выбудоўваецца работа па рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм, навукова-адукацыйных праектаў, стажыроўка, павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў і студэнтаў, навуковае кіраўніцтва аспірантамі і дактарантамі, арганізацыя і ўдзел у міжнародных навуковых канферэнцыях, выданне навучальных дапаможнікаў.

За мінулыя 5 гадоў паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Магілёўскай вобласці і Расійскай Федэрацыі заключана каля 106 дакументаў аб супрацоўніцтве. Асаблівая роля належыць Беларуска-Расійскаму ўніверсітэту, дзе вучацца студэнты за кошт сродкаў Беларусі і федэральнага бюджэту Расійскай Федэрацыі.

Прававую аснову для эфектыўнага двухбаковага міжрэгіянальнага і прыгранічнага ўзаемадзеяння сфарміравалі міжурадавыя і міжведамасныя дакументы, а таксама заключаныя з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі пагадненні і дагаворы.

Адлегласці – не перашкода

– З якімі з расійскіх рэгіёнаў склаліся найбольш трывалыя сувязі?

– Найбольш актыўнае супрацоўніцтва мы ажыццяўляем з прыгранічнымі Смаленскай і Бранскай абласцямі, Масквой і Маскоўскай вобласцю, Санкт-Пецярбургам і Ленінградскай вобласцю, Новасібірскай і Калужскай вобласцю, Прыморскім краем. З кожным расійскім рэгіёнам у нас склаліся па-сапраўднаму дружалюбныя адносіны, выбудаваныя ў ліку іншага на асабістых кантактах. Адлегласць насамрэч не з’яўляецца перашкодай пры належным падыходзе да выбудоўвання ўзаемаадносін.

Напрыклад, цесныя кантакты ў Магілёўскай вобласці з Прыморскім краем. На рэгулярнай аснове, практычна радавой сітуацыяй стала абмеркаванне пытанняў экспарту харчовых тавараў і супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, пастаўка беларускай тэхнікі і шмат іншага.

Найбольш значным і буйнамаштабным мерапрыемствам стала правядзенне пад эгідай Магілёўскай вобласці Дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі мінулай восенню ва Уладзівастоку. Мерапрыемства ўключала ў сябе кірмаш-продаж беларускай прадукцыі, выставу буйнагабарытнай тэхнікі прамысловых прадпрыемстваў Беларусі, бізнес-форум і шэраг анлайн-мерапрыемстваў, разнастайную культурную праграму, уключаючы канцэрт ад Урада Беларусі ў выкананні заслужанага калектыву «Купалінка».

Вынікам праведзеных мерапрыемстваў стаў рост тавараабароту Беларусі і Прыморскага краю, які ў 2021 годзе склаў 190 працэнтаў да 2020 года.

Але адной з найбольш удалых формаў прамых зносін, абмену вопытам і найлепшымі практыкамі стаў штогадовы форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Яго высокая прадстаўнічасць і ўзаемная зацікаўленасць да ўмацавання сувязей, якія ўжо склаліся, з’яўлення новых пунктаў супрацоўніцтва садзейнічаюць далейшаму комплекснаму ўдасканаленню двухбаковых адносін на карысць нашых народаў. Па выніках васьмі мінулых форумаў Магілёўскай вобласцю ўстаноўлена супрацоўніцтва з дзевяццю рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі: Разанскай, Пензенскай, Цвярской, Калужскай, Іванаўскай, Новасібірскай, Тульскай, Арэнбургскай і Самарскай абласцямі.

– Ужо рыхтуецеся да IX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які мае адбыцца ў гэтым годзе?

– IX Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі запланаваны на 23–24 чэрвеня ў Гродне, і мы, зразумела, шчыльна займаемся падрыхтоўкай да яго. Прапрацоўваем пытанне падпісання міжнародных дакументаў з Омскай, Краснадарскай, Калінінградскай абласцямі і Хабараўскім краем. На ўзроўні заканадаўчай улады запланавана падпісанне пагаднення са Свярдлоўскай вобласцю і Прыморскім краем.

Падкрэслю, што ўсё, пра што я кажу, было б немагчыма без унутранай перакананасці ў нашым адзінстве. У безумоўным разуменні таго, што ў нашых дзяржаваў агульны шлях у будучыні. І, вядома, народная дыпламатыя, чалавечыя зносіны на міжрэгіянальным узроўні – гэта тая аснова, якая можа і павінна ўмацаваць падмурак развіцця нашай Саюзнай Дзяржавы.

ДАРЭЧЫ

Магілёў можа ганарыцца ўнікальным адукацыйным праектам. Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, дзе навучаецца больш за пяць тысяч студэнтаў, з’яўляецца рэальным прыкладам інтэграцыі адукацыйных сістэм дзвюх краін. Тут рыхтуюць спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі па 20 спецыяльнасцях беларускіх адукацыйных праграм і 11 спецыяльнасцях адукацыйных стандартаў Расіі.

Пасля заканчэння навучання выдаецца дыплом адпаведнага ўзору. Маладыя спецыялісты (а кожны год выпуск складае ў сярэднім 500 чалавек) размяркоўваюцца і накіроўваюцца на вядучыя прадпрыемствы Беларусі і Расіі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая