RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Шклоўскі масларобны завод асвойвае выпуск казінага малака

Малочная прадукцыя Шклоўскага масларобнага завода карыстаецца попытам не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны. На прадпрыемстве не толькі праводзяць мадэрнізацыю, але і асвойваюць выпуск новай прадукцыі. У найбліжэйшай будучыні тут пачнуць перапрацоўваць казінае малако.

– Перапрацоўкай і выпускам казінага малака ў Беларусі займаецца ААТ «Беллакт» і сялянская (фермерская) гаспадарка «ДАК». У цэлым жа гэтага прадукту на рынку вельмі мала, а ў Магілёўскай вобласці і зусім не знайсці. Таму і ўзнікла ідэя наладзіць яго выпуск. Праблемным стала пытанне пошуку пастаўшчыка малака. І вось на базе Магілёўскага Дзяржплемпрадпрыемства створана першая ў Беларусі дзяржаўная казіная ферма, закуплена 150 жывёл альпійскай і зааненскай парод, – расказвае дырэктар масларобнага завода Аляксей Мошкін. – Мы закупілі абсталяванне для разліву суцэльнага казінага малака з масавай доляй тлушчу 2,8–5,5%. Яно не будзе падвяргацца нармалізацыі па тлушчы, гэта значыць не будзе падзяляцца на вяршкі і абрат. Малако не мае спецыфічнага паху і густу, як гэта думаюць многія.

Пажыўнае і гіпаалергеннае казінае малако будзе фасавацца ў ПЭТ-бутэлькі па 0,9 л. На прадпрыемстве ўжо распрацоўваецца этыкетка і прапрацоўваюцца рынкі збыту новай прадукцыі. На сённяшні дзень на завод ужо завезена пробная партыя, зроблены яго разліў і прадукцыя даследуецца на тэрмін прыдатнасці. Паводле папярэдніх даных ён можа дасягаць 15 сутак. Плануецца, што першая прадукцыя з’явіцца на паліцах крам праз месяц.

shklovinfo.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая