RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Шклоўскі масларобны завод стаў выпускаць малако ў ПЭТ-бутэльках новага аб’ёму –1,4 літра

Сучаснае абсталяванне, сістэмы якасці, натуральная прадукцыя выключных смакавых якасцей–усё гэта дазволіла ААТ «Шклоўскі масларобны завод» замацавацца не толькі на беларускім, але і на рынку Расійскай Федэрацыі. Прадпрыемства не стаіць на месцы і працягвае ўмацоўваць свае пазіцыі, асвойваючы выпуск ужо ўпадабанай прадукцыі ў новай упакоўцы. Так, Шклоўскі масларобны завод стаў выпускаць малако ў ПЭТ-бутэльках новага аб’ёму –1,4 літра.

Як паведаміла намесніца начальніка аддзела збыту і забеспячэння Наталля Марцюхова, малако ў бутэльках аб’ёмам 1,4 літра пачалі выпускаць у маі гэтага года пад гандлёвай маркай «Шклоўскі малочнік». У тару дадзенага аб’ёму разліваецца малако з масавай доляй тлушчу 2,5% і 3,2%. «Пра тое, што прадукцыя ў такой упакоўцы карыстаецца попытам, гавораць аб’ёмы вытворчасці, якія паступова растуць і з мая па жнівень павялічыліся на 15%, – кажа Наталля Аляксандраўна. – Малако ў вялікай ўпакоўцы мы рэалізуем ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай і Гродзенскай, экспартуем ў Расійскую Федэрацыю. Плануем павялічыць аб’ём вытворчасці і пастаўляць малако ва ўсе вобласці нашай краіны».

Дарэчы, лінія вытворчасці малака аўтаматызаваная. За вытворчасцю прадукцыі сочаць аператары. Яны займаюцца ўстаноўкай і наладкай абсталявання, сочаць за якасцю тэхналагічных працэсаў. Сярод плюсаў Наталля Марцюхова адзначае, што малако карыснае, даступнае па цане, а ўпакоўка, якую на прадпрыемстве называюць сямейнай, зручная. «Малако пастэрызаванае, гэта значыць яно праходзіць мінімальную апрацоўку – награваецца да 95 градусаў і разліваецца па бутэльках. Такім чынам, яно захоўвае ўсе свае карысныя ўласцівасці. І тыя, хто аддае перавагу натуральным прадуктам, гэта ўжо ацанілі. На рынку мы адзіныя, хто выпускае пастэрызаванае малако ў бутэльках. Таму з упэўненасцю можна назваць яго ўнікальным прадуктам. Тэрмін прыдатнасці малака ў бутэльцы складае 14 сутак, гэта больш, чым у малака ў пакетах», – падкрэслівае Наталля Аляксандраўна.

Слоган на ўпакоўцы «Пачні з карыснага!»не выпадковы. Прадукцыя Шклоўскага масларобнага завода адпавядае ўсім патрабаванням якасці і бяспекі. Але галоўнае –зроблена з душой, таму і запатрабаваная ў пакупнікоў. А гэта і ёсць галоўны стымул для далейшага развіцця і ўдасканалення. У найбліжэйшых планах у завода завяршыць мадэрнізацыю творагавай лініі, і гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы натуральнага і карыснага тварагу.

shklovinfo.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая