Праект па абазначэнні славутасцяў Крычаўскага раёна QR-кодамі ўжо стартаваў. У парку Перамогі горада QR-кодамі абазначылі помнік воінам-інтэрнацыяналістам і памятны знак у гонар 100-годдзя ўтварэння пагранічных войскаў. Пра гэта паведаміў дырэктар ДУК «Гістарычны музей Крычава» Уладзімір Мішчанка.

Цяпер турысты могуць атрымаць гістарычную даведку, адсканаваўшы код пры дапамозе смартфона. Крычаўскія школы сталі выкарыстоўваць QR-коды для правядзення гістарычных квэстаў. Інтэрактыўныя тэхналогіі робяць больш даступнымі інфармацыю пра гісторыю Крычаўшчыны.

Таблічкі з кодам для счытвання інфармацыі размесцяць і каля іншых славутасцяў. Гэта Замкавая гара і Гарадзец, паштовая станцыя 19 стагоддзя і Свята-Мікольская царква, памятны знак – артылерыйская гармата Д-44 каля чыгуначнай станцыі ў Крычаве, помнік Мікалаю Сірацініну ў вёсцы Сакольнічы. Пазнавальную інфармацыю па кожным аб’екце падрыхтуюць супрацоўнікі Гістарычнага музея Крычава.

Як адзначыў Уладзімір Мішчанка, праект не патрабуе асаблівых укладанняў і выдаткаў. І ў той жа час прынясе карысць, будзе спрыяць папулярызацыі Крычаўшчыны, краю са сваёй багатай і ўнікальнай гісторыяй, бо Крычаў–адзін з самых старажытных гарадоў Пасожжа.

Дарэчы, менавіта гістарычны музей Крычава ўпершыню ў раёне стаў прымяняць QR-коды, пазначыўшы імі экспанаты выставачных залаў, якія выклікаюць асаблівую цікавасць наведвальнікаў. Зручнасць ацанілі турысты. Па аптычнай пазнацы яны даведаюцца аб самых яркіх фактах гісторыі горада.

«Радыё Магілёў»