У Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій у суботу далі старт прыёмнай кампаніі 2024. Адпраўной кропкай стала ўніверсітэцкая алімпіяда па вучэбным прадмеце «Матэматыка».
Для ўдзелу ў яе заключным этапе з розных куткоў Беларусі прыехалі абітурыенты, якія прайшлі папярэдні этап.
- Алімпіяда дазваляе прыцягнуць да навучання ва ўніверсітэце найбольш адораных і матываваных рабят, якія ўжо зараз настроены на паступленне ў нашу ВНУ. Варта звярнуць увагу на тое, што ўніверсітэцкія алімпіяды - гэта цудоўная магчымасць для абітурыентаў стаць студэнтам яшчэ да здачы ЦТ, - адзначыў начальнік аддзела прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДУТ Юрый Грабенцоў.
Пасля завяршэння работы над алімпіяднымі заданнямі навучэнцы скарысталіся магчымасцю пазнаёміцца з кафедрамі, дзе вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях, якія іх цікавяць.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій – гэта адзіная ў Беларусі профільная ВНУ па падрыхтоўцы спецыялістаў для харчовай і хімічнай галіны з 50-гадовай гісторыяй, вопытам і ўнікальнымі магчымасцямі.
З мінулага года ва ўстанове адукацыі праводзяць алімпіяды па трох навучальных прадметах: хімія, матэматыка і фізіка. Яны з'яўляюцца профільнымі пры паступленні. Сёлета ў заключны этап алімпіяды сумарна прайшлі 122 абітурыенты. Геаграфія ўдзельнікаў уражвае - прадстаўлены ўсе вобласці краіны.
- Можна з гонарам сцвярджаць - у тым, што прадукты харчавання, якія вырабляюцца ў Беларусі, з'яўляюцца якаснымі і запатрабаванымі ў блізкім і далёкім замежжы, ёсць непасрэдная заслуга нашай ВНУ і нашых выпускнікоў! Попыт на іх настолькі вялікі, што немагчыма забяспечыць усе заяўкі прадпрыемстваў на размеркаванне. Па некаторых спецыяльнасцях іх больш у два, а то і ў 2,5 разы, чым студэнтаў, - распавёў рэктар магілёўскага ўніверсітэта Максім Кіркор.
Нагадваем, што пераможцы заключнага этапу (а гэта да 40 працэнтаў ад усіх удзельнікаў) ужо ў сакавіку прыёмнай камісіяй БДУТ будуць рэкамендаваны да залічэння.
СБ, фота БГУТ