Супрацоўнікі ДАІ і байкеры наведалі дзяцей з дапаможнай школы-інтэрната ў Бялынічах, паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Удзельнікамі прафілактычнай акцыі сталі супрацоўнікі аддзялення ДАІ Бялыніцкага РАУС і байкеры Магілёўскай вобласці.

Падчас сустрэчы супрацоўнікі ДАІ нагадалі дзецям пра бяспечныя паводзіны на дарозе: абмеркавалі, як правільна пераходзіць праезджую частку, дзе павінны рухацца веласіпедысты і аматары самакатаў. Таксама растлумачылі дзецям неабходнасць насіць святлоадбівальныя элементы ў цёмны час сутак і падарылі флікеры.

Падчас тэматычнай сустрэчы дзеці пазнаёміліся са службовым транспартам і абсталяваннем, якое выкарыстоўваюць у сваёй працы супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. З вялікай цікавасцю дзеці знаёміліся з матацыкламі розных марак і іх уладальнікамі. Выхаванцы школы-інтэрната, спрабуючы сябе ў ролі кіроўцы, з задавальненнем пазіравалі для фота.

Матацыклісты ўручылі кіраўніцтву ўстановы адукацыі падарункі для дзяцей.

Як адзначылі ва УУС, такая акцыя для дзяцей праходзіць кожны год.

БЕЛТА