RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Таматы, трусы, цацаркі: у школе Магілёўскага раёна адкрываецца «Жывая лабараторыя»

Унікальная школьная лабараторыя будзе працаваць у аграгарадку Семукачы Магілёўскага раёна.

Пад яе выдзелены будынак былога дзіцячага садка, які да гэтага не эксплуатаваўся гадоў 20. Пасля капрамонту ён набыў другое жыццё, а мясцовыя школьнікі – магчымасць вучыцца не толькі за партамі. «Будзем клапаціцца пра жывёл, вырошчваць экзатычныя расліны, эксперыментаваць з гатункамі гародніны, – наперабой пералічваюць хлопцы. – Такіх магчымасцей нават у гарадскіх аднагодкаў няма!»

«Жывая лабараторыя» – гэта, уласна, некалькі навучальных лабараторый: па жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі і раслінаводстве, а таксама зімовы сад, у якім, акрамя дзіўных раслін, прапісаліся галубятня і вожык. Карысць ад урокаў тут з энтузіязмам пералічвае дырэктар установы адукацыі «Семукацкі ВВК дзіцячы сад – сярэдняя школа» Вікторыя Шараева:

– Жывыя куткі ёсць і ў іншых школах Беларусі, але з нашым комплексам ім не параўнацца – тут зусім іншы маштаб. Дзякуючы «Жывой лабараторыі» ў дзяцей будзе фарміравацца сувязь з месцам, дзе яны нарадзіліся. Яе з’яўленне дапаможа раскрыць патэнцыял вучняў, якія стануць займацца даследчай працай. Яшчэ адзін важны аспект – прафарыентацыя. Займаючыся раслінаводствам, клапоцячыся аб цасарках, трусах і фазанах, дзеці вызначацца з будучай прафесіяй: хтосьці захоча стаць аграномам, хтосьці – ветурачом, а хтосьці, магчыма, і фермерам – мы плануем вырошчваць экалагічна чыстыя прадукты і для сябе, і ў будучыні на продаж.

Цікавую ідэю, па словах Вікторыі Шараевай, падказаў старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда – сканцэнтравацца, да прыкладу, на таматах розных гатункаў. Яшчэ плануецца закласці сад экзатычных дрэў, частка з якіх, калі памацнеюць, упрыгожыць аграгарадок, а частка будзе перададзена Магілёўскаму лясгасу, які дапамог юным натуралістам з піламатэрыяламі. У лабараторыі новыя драўляныя падлогі, адрамантаваны дах. За кошт спонсараў у вокны ўстаноўлены шклопакеты, атынкаваныя фасад і ўнутраныя памяшканні.

Начальніца аддзела адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас нагадала ў сувязі з адкрыццём лабараторыі нядаўнія словы Прэзідэнта аб магчымым аднаўленні падсобных гаспадарак пры школах:

– Праект у Семукачах і жывая цікавасць да яго з боку школьнікаў – яркае сведчанне актуальнасці паднятай нядаўна кіраўніком дзяржавы тэмы. 5 кастрычніка на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб ходзе сельгасработ у краіне Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «У нас школьнікі ўжо нават у вёсцы не ведаюць, што такое зямля, глеба. Яны ўжо не ўмеюць працаваць. А раней у кожнага былі падсобныя гаспадаркі, у кожнай школе. І дзеці нарыхтоўвалі сабе на ўсю зіму да наступнага ўраджаю і моркву, і буракі, і капусту».

Галоўная задача «Жывой лабараторыі» – папулярызацыя сельгаспрафесій, далучэнне дзяцей да працы, выхаванне ў іх пачуцця адказнасці, любові да малой радзімы. Не ўсе школьнікі ў будучыні выберуць аграрную спецыяльнасць, але веды, атрыманыя імі на практыцы, несумненна, пойдуць на карысць кожнаму.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая