RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тэатр лялек вачыма дзіцяці: шасцігадовы магіляўчанін стварыў для конкурсу аб’ёмны макет спектакля.

У Магілёве падвялі вынікі адкрытага конкурсу дзіцячай творчасці «Тэатр лялек вачыма дзіцяці». Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным Тэатры лялек.

«На ўдзел у конкурсе паступіла некалькі дзясяткаў заявак ад нашых юных гледачоў ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў, – расказаў галоўны мастак тэатра Віталь Шухман. – Дзеці парадавалі нас арыгінальнымі аўтарскімі працамі на тэму дзіцячых казак і тэатра: малюнкамі, вырабамі, лялькамі, цацкамі з выявай герояў казак ці сцэн са спектакляў. Канкурсанты сапраўды здзівілі творчай фантазіяй і нестандартнымі рашэннямі: радуе, з якой аддачай і энтузіязмам дзеці падышлі да стварэння работ».

Лаўрэатамі конкурсу сталі 11 чалавек у чатырох узроставых катэгорыях, пераможцаў вызначылі па дзвюх намінацыях: выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Уладальнікам Гран-пры стаў шасцігадовы Усевалад Белавусаў. Яго праца прадстаўлена ў першай катэгорыі, якая дапускае дапамогу з боку бацькоў або педагогаў. Аднак сам юны магіляўчанін уклаў шмат сіл і старанняў у сваю работу – гэта адзначыла і ацаніла па вартасці кампетэнтнае журы.

Усевалад прадставіў на конкурс сцэну са спектакля «Выкраданне скарбаў», гісторыя якога разгортваецца вакол цудоўных цыбулін, якія валодаюць здольнасцю вылечваць хворых. Калі яны знікаюць, героі пачынаюць займальнае расследаванне, каб знайсці зламысніка і вярнуць чароўныя лекі людзям. Канкурсант стварыў аб’ёмны макет спектакля – са сцэнай, некалькімі планамі і дзеючымі асобамі. Прычым героі прапрацаваны асобна, зробленыя як сапраўдныя лялькі – ёсць нават кій, з дапамогай якіх персанажы ажываюць.

Пераможцы і лаўрэаты конкурсу адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Найлепшыя работы ўвайшлі ў афармленне выставы, прысвечанай 45-годдзю Магілёўскага абласнога тэатра лялек.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая