RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тэнісны крыты корт адкрылі ў Магілёве

Крыты тэнісны корт адкрылі на тэрыторыі Магілёўскага гарадскога фізкультурна-спартыўнага клуба. На будаўніцтва новага аб’екта было выдзелена Br 4 млн 260 тыс.

«Гэты спартыўны аб’ект быў вельмі патрэбны гораду, бо больш за 100 маленькіх магілёўцаў сёння займаецца менавіта ў секцыях вялікага тэніса, – адзначыў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спартыўнага аб’екта старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў. – Раней, каб не парушаць трэніровачны працэс у халодную пару года, даводзілася арандаваць памяшканні, якія мелі іншую спецыялізацыю. Упэўнены: з уводам у эксплуатацыю гэтага збудавання трэніроўкі будуць больш якаснымі, дзякуючы чаму ў юных магілёўцаў з’явяцца новыя магчымасці і перспектывы ў дасягненні высокіх спартыўных вынікаў».

Паводле слоў Уладзіміра Цумарава, рашэнне аб будаўніцтве ў Магілёве крытага тэніснага корта было прынята больш за пяць гадоў таму. Першапачаткова на гэтыя мэты была закладзена асобная інвестыцыйная праграма, якая пасля была скарэкціравана ў бок змяншэння фінансавання. Толькі пазней атрымалася вылучыць грошы на паэтапнае завяршэнне комплексу работ з гарадской казны. І з абласнога кансалідаванага бюджэту ў бягучым годзе на гэтыя мэты затрачана больш як Br 1 млн.

Раней на месцы будаўніцтва быў надзіманы тэнісны корт. Займацца ў ім было не вельмі зручна: напрыклад, у зімовы час праз снежнае покрыва ў памяшканні было даволі цёмна, а праз працу цеплавых гармат – не занадта камфортна. Зараз стацыянарны крыты манеж з трыма кортамі ўнутры дапоўніў комплекс фізкультурна-спартыўнага клуба, які таксама ўключае адкрытыя корты, гасцініцу, кафэ і лесапаркавую зону. Дзякуючы гэтаму Магілёў у перспектыве зможа стаць годнай пляцоўкай для правядзення спаборніцтваў і чэмпіянатаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

«Адкрыццё гэтага комплексу трэба расцэньваць у маштабах краіны, таму што такая спартыўная база ўнікальная: яе няма ні ў адным абласным цэнтры, – падкрэсліў дырэктар Беларускай тэніснай федэрацыі Міхаіл Маеўскі. – Думаю, Магілёўшчыну чакае вялікая тэнісная будучыня. Але галоўнае – кіраўніцтва горада і вобласці разумее, што перш за ўсё нам неабходна вырасціць здаровую нацыю. І вялікая ўдача, калі дзякуючы такім спартыўным збудаванням дзеці сыдуць з вуліцы, адарвуцца ад камп’ютараў і пачнуць займацца тэнісам ці іншым відам спорту».

Плошча крытага манежа склала больш за 2 тыс. кв. м. Памяшканне адпавядае ўсім неабходным для сучаснага спартыўнага аб’екта патрабаванням. Тут ёсць трыбуна на 113 месцаў з абсталяванымі месцамі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, распранальні, санітарныя вузлы, сучаснае відэаназіранне. Асобны гонар – найноўшае 6-міліметровае прафесійнае пакрыццё для тэнісных кортаў «Хард», якое адпавядае сусветным стандартам. Корты, дзе ўкладваюць такі насціл, называюць «хуткімі», бо ён мае структуру, якая «падкручвае» мяч пры дакрананні да паверхні.

Дадаткова для тэніснага манежа былі закуплены мыйная машына для падлогі, нацяжныя станкі для ракетак, гарматы для падачы мячоў, неабходная мэбля. У якасці падарункаў да адкрыцця Магілёўскі гарадскі фізкультурна-спартыўны клуб атрымаў ад гасцей мерапрыемства, у тым ліку ад Беларускай тэніснай федэрацыі і Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, мячы, падмятальныя машыны, сеткі, два тэлевізары, ракеткі і многае іншае.

Маленькім тэнісістам адкрыццё кортаў у Магілёве таксама запомнілася тым, што ў гэты дзень на спартыўнай пляцоўцы адбыўся адборачны этап рэспубліканскага каманднага турніру па тэнісе «Залатая ракетка». Удзел у спаборніцтвах прынялі каманды з Магілёва і Баранавіч, у склад якіх увайшлі юныя спартсмены ва ўзросце ад 8 да 12 гадоў. Арганізавала турнір Беларуская тэнісная федэрацыя пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Тэкст - БЕЛТА

Фота - mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая