Турыстычную карту Магілёўшчыны стварылі супрацоўнікі абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама.

Рэсурс прысвечаны Году малой радзімы і знаёміць з архітэктурнымі славутасцямі, прыроднымі помнікамі, культурай і традыцыямі краю. Пры яго стварэнні выкарыстоўваліся дакументы з фонду абласной бібліятэкі, матэрыялы з вольных крыніц сеткі інтэрнэт.

«Магілёўская вобласць – заходні рэгіён Беларусі, унікальны ў геаграфічным, гістарычным і культурным дачыненні край, – адзначылі суразмоўцы. – На тэрыторыі краю знаходзяцца населеныя пункты, якія маюць сваю асаблівую атмасферу, дзіўныя замкі і родавыя сядзібы, выдатныя храмы і манастыры, помнікі ваеннай гісторыі, музеі і этнаграфічныя вёскі, маляўнічыя прыродныя ландшафты, асаблівыя традыцыі».

Матэрыялы карты згрупаваныя па раёнах. Старонка кожнага складаецца з пяці раздзелаў, якія адкрывае агульная інфармацыя.

Так, у катэгорыі «Архітэктура» прадстаўлены звесткі аб велічных храмах і кляштарах, замках і палацах, якія захаваліся да цяперашняга часу, цэрквах і касцёлах, адноўленых ці зноў пабудаваных, мемарыяльных комплексах.

Раздзел «Прырода» знаёміць з дзіўным светам рэк і азёр, крыніц, ландшафтнымі заказнікамі і ўнікальнымі па прыгажосці пойменнымі дубровамі, пышнымі помнікамі садова-паркавага мастацтва і пейзажнымі паркамі.

«Культура» расказвае аб музеях і выставачных залах, тэатрах усіх жанраў, фестывальным руху і святах.

Катэгорыя «Традыцыі» дае магчымасць пазнаёміцца з шэдэўрамі вуснай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, народнымі майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія, як і шмат стагоддзяў таму, працягваюць ствараць шэдэўры ў традыцыях, адпаведных абрадам краю.

Раздзелы дапоўнены фотаздымкамі, спісам літаратуры і каардынатамі размяшчэння аб’екта на карце Яндэкс Магілёўскай вобласці. Па меры паступлення новай інфармацыі база даных будзе дапаўняцца.