RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Асіповіцкай гімназіі адбылося прысвячэнне ў вучні прававога класа

Сёлета ў Асіповіцкай гімназіі з’явіўся клас прававой накіраванасці, створаны пад эгідай упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Таццяна Старасотнікава.

На днях адбылося ўрачыстае пасвячэнне ў вучні прававога класа. «14 дзесяцікласнікаў далі клятву годна і з гонарам несці званне гімназіста прававога класа, добра вучыцца і імкнуцца быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны», – адзначыла Таццяна Старасотнікава.

Гасцямі мерапрыемства сталі намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Віталь Шляханаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Шутава, а таксама прадстаўнікі раённых органаў дзяржаўнай улады.

У сваім звароце да навучэнцаў профільнага класа Віталь Шляханаў адзначыў, што кожны з прысутных гімназістаў павінен сур’ёзна і адказна паставіцца да выбару сваёй будучай прафесіі. «Для многіх старшакласнікаў будучае вызначэнне прафесіі здаецца далёкім. І многія школьнікі не ведаюць, чым хочуць займацца, і не спяшаюцца задумвацца аб перспектыўнай кар’еры. Аднак выбар важна зрабіць ужо сёння. Навучанне ў профільным класе дазволіць сфарміраваць неабходныя ўмовы для інтэлектуальнага і маральнага развіцця, пачуцця адданасці Радзіме, гонару і справядлівасці», – падкрэсліў ён.

Пасля ўрачыстага прысвячэння вучні профільнага класа прынялі ўдзел у круглым стале, дзе задалі гасцям пытанні, якія іх цікавілі.

Як адзначыла Святлана Шутава, наяўнасць такіх класаў дапамагае дзецям зрабіць першы сур’ёзны выбар у іх жыцці. «Адчувалася, што хлопцы рыхтаваліся да сустрэчы. Было прыемна, што прыехалі прадстаўнікі кіраўніцтва Следчага камітэта. Дзеці змаглі на іх прыкладзе ўбачыць, якіх поспехаў можна дамагчыся. Акрамя гэтага, яны задавалі шмат пытанняў. Вучні нават выступілі з ініцыятывай, каб навучэнцы прававых класаў маглі паступаць у профільныя ВНУ і на юрыдычныя спецыяльнасці, маючы льготы. Гэта добрая прапанова, паспрабуем абмеркаваць яе, – падкрэсліла яна. – Такія класы важныя і актуальныя. Веды ніколі не бываюць лішнімі, а веданне законаў спатрэбіцца ім у будучыні, нават калі яны звяжуць сваё жыццё з іншай прафесіяй».

Усяго ва ўстановах адукацыі Магілёўскай вобласці працуе 5 прававых класаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая