RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У лясной гаспадаркі Магілёўскай вобласці новы кіраўнік

На пасаду генеральнага дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання прызначаны Сяргей Максімовіч. Сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме ў прадстаўленні новага кіраўніка прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка і міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.

Раней Сяргей Максімовіч узначальваў дзяржаўную лесагаспадарчую ўстанову «Глускі лясгас». У працоўнай біяграфіі кіраўніка – вялікі вопыт працы: пачынаў ён працоўную дзейнасць ляснічым у Клічаўскім лясгасе, куды прыйшоў пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, пасля стаў галоўным ляснічым – у Бабруйскім, а з 2011 года па цяперашні час працаваў у Глускім лясгасе, у тым ліку з 2014 года – на пасадзе дырэктара.

«Сяргей Віктаравіч – чалавек не новы ў сферы, ён прайшоў увесь шлях, які павінен прайсці кіраўнік абласнога ўзроўню. На Глускай зямлі ў якасці кіраўніка зарэкамендаваў сябе, вывеўшы лясгас у лідары па ўсіх напрамках дзейнасці. Таму, выбіраючы з некалькіх кандыдатаў на гэтую пасаду, спыніліся менавіта на ім. Упэўнены, што лесаводам Магілёўскай вобласці пашанцавала: гэта прафесіянал сваёй справы. А значыць, Магілёўшчына ў сферы лясной гаспадаркі і ў далейшым будзе ў лідарах, як гэта было на працягу некалькіх гадоў, – адзначыў Аляксандр Кулік, уручаючы Сяргею Максімовічу службовае пасведчанне. – Новаму кіраўніку трэба будзе выканаць вялікі аб’ём працы па рашэнні шэрагу надзённых пытанняў, у тым ліку па лесааднаўленні, кадравым складзе.

У цэлым задачы галіны застаюцца нязменнымі: узнаўленне лясоў, ахова ад пажараў і лесапарушэнняў, рубкі участкаў і нарыхтоўка драўніны. Гэта тыя асноўныя функцыі, якія ўскладзены на нас дзяржавай. Што тычыцца Магілёўскага ДВЛГА, то варта адзначыць, што яна адна з самых лясістых. Па запасе драўніны – трэцяя ў рэспубліцы. У вобласці дзейнічае 13 лясгасаў, калектыў стабільны. Яны своечасова пераўзброіліся не толькі ў плане лесанарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны, але і ў плане лесааднаўлення. Практычна ва ўсіх лясгасах ёсць гадавальнікі, што прадугледжвае забяспечанасць якасным пасадачным матэрыялам. Усё гэта спрыяе стварэнню новых лясоў для нашых нашчадкаў».

Віншуючы Сяргея Максімовіча з уступленнем на пасаду, Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што лес і зямля – гэта наша асноўнае багацце, якое патрабуе беражлівых адносін.

«Разам з тымі асноўнымі паказчыкамі па высечцы і дастаўцы, якія даводзяцца да галіны, усё ж асноўная задача – аднаўленне і захаванне лесу, а яшчэ лепш – яго памнажэнне. Спадзяюся, у гэтым кірунку Магілёўская вобласць будзе актыўна працаваць, – адзначыў кіраўнік рэгіёна, звяртаючыся да новага кіраўніка лесагаспадарчага аб’яднання. – Вы, як вопытны кіраўнік, павінны ўзяць усё ў свае рукі і даць новы штуршок у развіцці галіны ў нашым рэгіёне. Са свайго боку гатовы аказаць дапамогу і падтрымку».

Гаворачы аб планах, Сяргей Максімовіч пазначыў, што пытанні і задачы, якія сёння стаяць перад лясной гаспадаркай непасрэдна ў Магілёўскай вобласці, вядомыя і зразумелыя.

«Сёння нам трэба актыўна працаваць у кірунку лесааднаўлення, лесагадавання, а адпаведна – стварэння гадавальніцкай гаспадаркі і яе развіцця. Таксама далейшыя асноўныя задачы – гэта мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, пераарыентацыя на новыя рынкі, праца з кадрамі – стаўка на малады перспектыўны рэзерв, развіццё лясной гаспадаркі ў цэлым, у тым ліку – паляўнічага турызму. Акрамя таго, у найбліжэйшы час у абласным цэнтры пачнецца праца па стварэнні гандлёвай пляцоўкі, якая належыць Міністэрству лясной гаспадаркі, дзе любы спажывец зможа набыць нашу прадукцыю без гандлёвых надбавак. Усё будзе даступна для людзей: пачынаючы ад дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу, заканчваючы любымі паганажнымі вырабамі, якія вырабляюць нашы лесагаспадарчыя ўстановы.

У Магілёўскай вобласці ёсць рэсурс, трэба толькі правільна ім распарадзіцца, каб мець максімальную аддачу. З кожнага кубаметра нарыхтаванай драўніны – атрымаць максімальны прыбытак і рэнтабельнасць. Адна з важных задач на сёння – аптымізацыя выдаткаў. Пры выкананні гэтых паказчыкаў будзем мець дастойную заработную плату. Пад санкцыйным ціскам мы ўжо пераарыентаваліся, але павінны працягнуць пошук кліентаў на новым для нас рынку – азіяцкім, чым сёння Мінлясгас актыўна займаецца», – падсумаваў Сяргей Максімовіч.

Па заканчэнні ўрачыстай часткі Аляксандр Кулік правёў рабочую нараду з абмеркаваннем бягучай абстаноўкі ў галіне і пастаноўкай задач на самую блізкую перспектыву.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая