RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці плошча забруджаных радыяцыяй лясоў скарачаецца

У Магілёўскай вобласці плошча забруджаных радыяцыяй лясоў скарачаецца, паведамілі ў Магілёўскім ДВЛГА.

«Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыяцыйная абстаноўка ў лясным фондзе рэгіёну паступова паляпшаецца, - падкрэслілі ў лесагаспадарчым аб'яднанні. - Так, зніжаецца шчыльнасць забруджвання глеб цэзіем-137 і магутнасць дозы гама-выпраменьвання, памяншаецца ўтрыманне радыенуклідаў у лясной прадукцыі. За год плошча лясоў вобласці ў зонах радыеактыўнага забруджвання зменшылася на 2,5 тыс. га, за апошнія 13 гадоў - на 93 тыс. га. Сёння тэрыторыя радыеактыўнага забруджвання ляснога фонду рэгіёну складае амаль 370 тыс. га, ці 30% ад агульнай плошчы».

Як адзначылі ў Магілёўскім ДВЛГА, пасля найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы мінулага стагоддзя радыяцыя распаўсюдзілася на шырокія тэрыторыі ляснога фонду. З гэтага часу праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на пераадоленне наступстваў чарнобыльскай аварыі. Напрыклад, рэалізаваны цэлы комплекс ахоўных мер для забеспячэння радыяцыйнай бяспекі пры вядзенні лясной гаспадаркі ва ўмовах доўгачасовага радыеактыўнага забруджвання.

Працягвалася лесааднаўленне і лесаразвядзенне, лясы ахоўваліся ад пажараў, дрэвы атрымлівалі абарону ад шкоднікаў і хвароб. Таксама была створана галіновая служба радыяцыйнага кантролю. У пералік яе функцый уваходзіць атрыманне аператыўных даных аб радыяцыйнай абстаноўцы, магчымасці нарыхтоўкі і рэалізацыі лясной прадукцыі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая