RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве святкуюць Дзень народнага адзінства: на плошчы Адзінства адкрылі памятны знак

У Магілёве працягваюць адзначаць Дзень народнага адзінства. Пасля ўводу першай чаргі дарогі-дублёра пляцоўцы каля Магілёўскага абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра прысвоілі імя – плошча Адзінства. Тут жа адкрылі памятны знак, прысвечаны святу. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка, намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта–інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, жыхары горада.

Дзень 17 верасня 1939 года стаў гістарычнай падзеяй, адзначыў Ігар Сяргеенка. «Як сёння справядліва гавораць гісторыкі і палітолагі –актам гістарычнай справядлівасці, – сказаў ён. – Менавіта ў гэты дзень быў пакладзены пачатак уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, фарміравання адзінай нацыі. Сто гадоў таму, у 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора частка Беларусі апынулася пад польскай акупацыяй. Наша краіна была падзелена на дзве часткі. У гэты час чыніліся ўсялякія перашкоды для развіцця беларускай мовы і культуры. Разам з тым частка насельніцтва, перадавая і прагрэсіўная, сваімі дзеяннямі набліжала дзень уз’яднання. Сёння нам варта ўспомніць гэтых вядомых землякоў –Сяргея Прытыцкага, Максіма Танка, Веру Харужую, Васіля Каржа, Аляксандра Рабцэвіча, Кірыла Арлоўскага і многіх іншых. Наш з вамі абавязак – даносіць праўду менавіта аб гэтых суровых гадах».

Ігар Сяргеенка нагадаў, што ідэя заснаваць дзяржаўнае свята нарадзілася падчас падрыхтоўкі да VI Усебеларускага народнага сходу, упершыню была агучана і падтрыманана форуме. Пасля ў чэрвені 2021 года быў прыняты адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы. «Засноўваючы гэтае свята, мы зараджаем новыя традыцыі ў краіне: гэта ўшанаванне перадавікоў вытворчасці, стварэнне новых аб’ектаў і праграм. Сёння ў Магілёве фактычна тры падарункі: адкрыццё дарогі, плошча з новай назвай і памятны знак. Я часта бываю ў Магілёве і бачу, як мяняецца горад намаганнямі гарадскіх і абласных уладаў, будаўнікоў і жыхароў. Сёння суровае надвор’е, але, нягледзячы на гэта, у нас святочны настрой. Я ўдзячны за магчымасць прысутнічаць на гэтым свяце. Удзячны за ініцыятыву, якая нарадзілася ў Магілёве, – адкрыць аднымі з першых у Беларусі памятны знак, прысвечаны Дню народнага адзінства», – канстатаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

З Днём народнага адзінства жыхароў Магілёва павіншаваў Леанід Заяц. «Усе мы розныя: па ўзросце, характары, прафесіях і захапленнях. Але ўсіх нас аб’ядноўвае адзіны погляд на развіццё і суверэнітэт роднай краіны, – адзначыў ён. – Мы ведаем, які далікатны грамадзянскі мір, як хутка можна страціць тое, што мы з вамі разам будавалі, – спакойную, прыгожую, незалежную краіну. Падзеі мінулага года далі нам вельмі каштоўны ўрок. Ён нагадаў, што наш агульны абавязак –рабіць усё, што ад нас залежыць для захавання адзінства беларускага народа».

Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу, што сёння Беларусь –краіна, якая прымушае з сабой лічыцца і ў многіх выклікае зайздрасць. «Захаваць і памножыць нашы поспехі мы зможам толькі калі будзем адзіныя. Як былі адзіныя нашы продкі, нашы бацькі і дзяды, якія абаранялі ў цяжкія часы сваю зямлю ад ворага і даказалі: адзінства –гэта магутная і непераадольная сіла. Сёння мы адкрываем знакавую для горада плошчу. Яе назва – плошча Адзінства. Устаноўлены на ёй памятны знак –гэта сімвал сувязі часоў, пакаленняў і яднання беларускага народа. Упэўнены, што кожны, хто прыйдзе на гэтую плошчу, будзе адчуваць і разумець, што толькі ў міры і згодзе можна дасягаць прагрэсу і дабрабыту».

Пра важнасць сёняшняга дня для народа, дзяржавы гаварыла і сцяганосец беларускай каманды на Алімпіядзе ў Токіа Ганна Марусава. «Я лічу, што гэта дата вельмі важная для нашай краіны, таму што пакуль мы разам, адзіныя, нам па плячы любыя перамогі і здзяйсненні, якія мы заўсёды прысвячаем нашай краіне, нашаму роднаму гораду. Важна заўсёды памятаць пра тое, хто ты і адкуль, тое месца, якое дало табе пуцёўку ў жыццё. Я ганаруся тым, што я – беларуска, і тым, што з Магілёва».

Лаканічны памятны знак, устаноўлены на плошчы Адзінства, стварыў майстар Аляксандр Мінькоў. Скульптуру амаль у тры метры вышынёй, метр у шырыню і вагой 1,5 тоны вянчае васілёк, які пазначае святасць, чысціню, гонар, пяшчота і дабрыню, прастату і прыгажосць адначасова. Яго шэсць пялёсткаў –гэта шэсць абласцей нашай краіны. Апраўляе кветку ручнік з беларускім арнаментам, такім жа, як на дзяржаўным сцягу нашай краіны. Арнамент –сімвал старажытнай культуры беларускага народа, яго духоўнага багацця. На памятным знаку з мансураўскага граніту размешчана таблічка: «Памятны знак устаноўлены 17 верасня 2021 года ў Год народнага адзінства як сімвал сувязі часоў, пакаленняў і яднання беларускага народа. Васілёк –сімвал Радзімы і прыгажосці, ручнік –чысціні і Бацькаўшчыны, арнамент –дабрабыт і багацця. У гэты дзень у 1939 годзе пачалося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі». Дапаўняе скульптуру кветкавая кампазіцыя «Мы», створаная спецыялістамі «Магілёўзелянбуда».

Ідэя стварэння знака належыць Магілёўскім гарадскім грамадскім арганізацыям «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»і «Белая Русь».

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая