У Магілёве выратавалі чалавека, які праваліўся пад лёд
У нядзелю, 31 студзеня, у службу МНС ад відавочцы паступіла трывожнае паведамленне аб тым, што ў раёне гарадскога пляжа ракі Днепр па вул. Правабярэжнай у Магілёве чалавек праваліўся пад лёд, таўшчыня якога каля 3 см, паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.
Магілёвец быў выратаваны манеўрана-пошукавай групай ОСВОДа да прыбыцця ратавальнікаў. 35-гадовы мужчына з дыягназам «гіпатэрмія» шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы.
«Бяспечным для чалавека лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 10 см, – распавяла суразмоўца. – Выхад на лёд падчас яго раставання – бясспрэчная рызыка. І прыраўняць такую бясстрашнасць людзей можна хутчэй да безадказнасці, чым да смеласці. Ці не занадта высокая стаўка, бо на шалях заўсёды чалавечае жыццё».
Дарэчы, трываласць лёду можна вызначыць візуальна: лёд блакітнага колеру – трывалы, белага – трываласць яго ў 2 разы меншая, матава-белы або з жаўтлявым адценнем – ненадзейны. Ведаць пра гэта павінен кожны школьнік, не кажучы ўжо пра дарослых аматараў парыбачыць. Тым не менш з года ў год сітуацыя не змяняецца – пад лёд правальваюцца і тонуць дзясяткі чалавек.
Што рабіць, калі Вы праваліліся ў халодную ваду:
- Не панікуйце, не рабіце рэзкіх рухаў, захавайце дыханне.
- Раскіньце рукі ў бакі і паспрабуйце зачапіцца за край лёду, надаўшы целу гарызантальнае становішча.
- Паспрабуйце асцярожна налегчы грудзьмі на край лёду і закінуць адну, а потым і другую нагу на лёд.
- Калі лёд вытрымаў, перакочваючыся, павольна паўзіце у той бок, адкуль прыйшлі, бо тут лёд ужо правераны на трываласць.
Рэд.
Переводчик