RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве з’явіўся помнік смеццявозу

На Спецаўтапрадпрыемстве прайшоў урачысты сход, прысвечаны 90-гадоваму юбілею. Яркай падзеяй святочнага мерапрыемства стала адкрыццё на тэрыторыі прадпрыемства сімвалічнага памятнага знака–смеццявоза. Дарэчы, гэта адзіны смеццезборачны аўтамабіль, які ўдастоіўся гонару быць пастаўленым на манумент.

Адкрываючы ўрачыстую цырымонію, дырэктар прадпрыемства Генадзь Іванчанка падкрэсліў, што гэта помнік не нейкаму канкрэтнаму аўтамабілю, а сродку вытворчасці, якое ўжо не адно дзесяцігоддзе дапамагае супрацоўнікам прадпрыемства ў працы.

– Чысты горад на працягу дзевяці дзесяцігоддзяў–гэта наша заслуга. Калісьці чалавечай працы дапамагаў конь, потым з’явіліся машыны, якія з кожным годам удасканальваліся. Але сутнасць не мяняецца. Самае галоўнае – усё гэта заклікана дапамагаць нашым людзям выконваць працу спакойна, ціха і незаўважна кожны дзень... Я лічу, што, калі нас ніхто не ўспамінае, значыць, мы добра робім сваю працу! Засталося толькі выхаваць культуру ў насельніцтва і навучыць людзей граматна выкарыстоўваць тую маёмасць, якую яны атрымалі.

Начальнік аўтарамонтнай майстэрні Марат Давыдаў адзначыў, што ідэю ўвекавечыць смеццявоз калектыў падтрымаў з радасцю.

– Аўтамабіль адпрацаваў на прадпрыемстве больш за 20 гадоў і падлягаў спісанню. Але мы вырашылі не адпраўляць яго на металалом, а адрэстаўраваць. Аднаўленчыя работы ішлі на працягу месяца. Мы цалкам аднавілі яго знешні выгляд. Усё рабілася рукамі нашых супрацоўнікаў. Цяпер смеццявоз заняў ганаровае месца на тэрыторыі прадпрыемстве і стаў яго ўпрыгожваннем.

Таксама ў гэты дзень былі ўдастоены ганаровых узнагарод найлепшыя супрацоўнікі прадпрыемства, якія сваёй самаадданай працай даказваюць адданасць агульнай справе.

vestnikmogileva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая