RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У вёсцы Навасёлкі Магілёўскага раёна адрамантавалі медпункт

У вёсцы Навасёлкі Магілёўскага раёна пасля рамонту адкрыўся фельчарска-акушэрскі пункт. У будынку, якому больш за 60 гадоў, яшчэ зусім нядаўна было пячное ацяпленне.

Зімой, каб падтрымліваць патрабаваную па санітарных нормах тэмпературу ў 17 градусаў, падкідвалі дровы кругласутачна. Ад печкі адмовіліся на карысць сучаснай энергасістэмы айчыннай вытворчасці. Гэта і дало адчувальны эканамічны эфект. Выдаткі скараціліся на 25%. У ФАП прыйшла і вада. Раней яе насілі ў вёдрах з калонкі.

Аляксей Немцаў, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай паліклінікі № 6:

– Стала працаваць намнога лягчэй і зручней, не трэба турбавацца і пастаянна бегчы, ехаць за дваццаць, за трыццаць кіламетраў для таго, каб прапаліць у гэтай печцы.

Наталля Каралёва, жыхарка вёскі Навасёлкі:

– Я наогул штогод праходжу вакцынацыю ад грыпу. Сёлета прыйшла, падыходжу – усё як звычайна. Заходжу ўнутр, а тут такі рамонт. Я была прыемна здзіўленая.

Акрамя бытавых умоў, палепшылася і якасць медыцынскіх паслуг. Дзякуючы таму, што тут з’явіўся сучасны камп’ютар, планшэтны кардыёграф і, вядома, доступ да інтэрнэту. Дыстанцыйная сувязь дапамагае медыкам ФАПа абменьвацца данымі абследаванняў з калегамі з Магілёва.

Маргарыта Мікалаева, загадчыца ФАПа вёскі Навасёлкі:

– Калі раней даводзілася адпраўляць пацыента ў паліклініку для праходжання дыспансерызацыі, то цяпер яны могуць прайсці тут. Кардыяграму (а мы маем прамую сувязь з паліклінікай), я перасылаю праз камп’ютар, доктар глядзіць і дае сваё заключэнне. Таму нам стала намнога прасцей.

Сельскі ФАП мадэрнізавалі выключна за пазабюджэтныя грошы. Акрамя вёскі Навасёлкі, медпункт абслугоўвае яшчэ два суседнія населеныя пункты. Усяго 600 чалавек. Большасць – людзі сталага ўзросту. Зараз усе яны могуць разлічваць на якасную медыцынскую дапамогу ў сучасных умовах.

СТВ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая