RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Удзельнікаў рэспубліканскага аўтапрабегу «Сімвал адзінства» сустракалі сёння на радзіме Прэзідэнта – у Александрыі

Удзельнікаў рэспубліканскага аўтапрабегу «Сімвал адзінства» сустракаў сёння раніцай аграгарадок Александрыя. Тут, у Шклоўскім раёне, на мяжы дзвюх абласцей – Магілёўскай і Віцебскай – сабраліся прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, моладзь.

Над утульнай Александрыяй гучаць папулярныя радкі: «Тут маё неба, мой дом, маё сэрца, тут усё роднае і блізкае з дзяцінства», і калона з 50 з лішнім аўтамабіляў паркуецца на цэнтральнай вуліцы аграгарадка. Гасцей мясцовыя жыхары прывячаюць хлебам-соллю і песнямі. А механізатар ААТ «Александрыйскае» Віктар Мільто ўручае льняны мяшэчак з зернем новага ўраджаю прадстаўнікам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі». Перадавік сельскай гаспадаркі, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», Віктар Пятровіч больш за 40 гадоў у сельскай гаспадарцы, яго бацька і дзед працавалі на зямлі. Сціплы працаўнік, ён упершыню ўдзельнічае ў такім мерапрыемстве:

– Для мяне гэта ганаровая місія. Мяшэчак са збожжам – гэта сімвал сілы, багацця нашага народа, яго гасціннасці.

Гасцінныя александрыйцы падрыхтавалі для гасцей яшчэ адзін падарунак –карціну, зробленую рукамі шклоўскага майстра Цімура Бярозкі. На ёй малады мастак, які нядаўна ўступіў у рады арганізацыі «Патрыёты Беларусі», адлюстраваў беларускі арнамент – своеасаблівы культурны шыфр народа, магутных зуброў – сімвал працавітасці і сілы суайчыннікаў.

Удзельнікаў аўтапрабегу сустракалі ў знакавым месцы –у двары школы, у якой вучыўся і працаваў Прэзідэнт, запрасілі ў музей – прысесці за яго парту.

– Я жыву ў аграгарадку Гавяды, і вось ужо тры гады працую настаўнікам пачатковых класаў у школе ў Александрыі – расказвае 25‑гадовая Ніна Язубец. – Мне тут вельмі падабаецца. Сёння мы разам з калегам Любоўю Ніканенка, выхавальнікам прадлёнкі, прымаем удзел у аўтапрабегу. Такія мерапрыемствы вельмі важныя, бо яны аб’ядноўваюць людзей. Калі едзеш у калоне з дзясяткаў машын з дзяржаўнымі сцягамі, адчуваеш сябе часткай вялікай, згуртаванай каманды. І цябе перапаўняюць радасць і гонар за землякоў, якім неабыякавы лёс Беларусі –кожны з нас жыве і працуе на карысць і росквіт Радзімы.

Са Шклова ў Александрыю прыехала на аўтамабілі начальнік аддзела кадраў Шклоўскага райста Наталля Шынкарова:

– Я тут, таму што я –патрыёт сваёй краіны. Гэта не першы мой маршрут. І не апошні. Бо аўтапрабегі пад агульным дэвізам «За Беларусь»– гэта не проста кіламетры шляху, гэта прыемныя знаёмствы з новымі месцамі і людзьмі, радасць зносін, пазітыўныя эмоцыі. Паглядзіце, якія ўтульныя нашы гарады і вёскі, якая чысціня на вуліцах і ў дварах, якія роўныя дарогі. Усё будуецца і робіцца на сумленне, на стагоддзі, і мы павінны шанаваць і берагчы гэта.

Шклаўчанка Крысціна Кароза – старшыня прафкама ТАА «Экспрэс-аснова»– таксама актыўны ўдзельнік патрыятычных акцый:

– Сёння я адправілася ў шлях з калегам, а да гэтага брала з сабой дачок – 15-гадовую Аляксандру і 7-гадовую Лізу. На асабістым аўтамабілі мы калясілі па Шклоўскім, Магілёўскім раёнах, наведвалі знакавыя гістарычныя месцы, воінскія пахаванні. Гэта вельмі важна і для дарослых, і тым больш для падрастаючага пакалення. Яны адчуваюць эмоцыі, даведваюцца шмат новага, а галоўнае – вучацца шанаваць родны край, любімую Беларусь, усведамляюць, што няма нічога даражэйшага за жыццё, за мірнае неба над галавой.

Мірная, згуртаваная краіна –лейтматыў аўтапрабегу, які праходзіць напярэдадні Дня народнага адзінства. І жыццёвая пазіцыя тых, хто ў ім удзельнічае адзіная: «Мы –за Беларусь! І зробім усё, каб яна заставалася такой жа незалежнай, ветлівай і светлай».

Са Шклоўскага раёна калона машын накіравалася ў горад Круглае, адтуль – у Бялынічы, а днём яе сустрэнуць на легендарным Буйніцкім полі пад Магілёвам.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая