RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вытворцы Сінявокай зарабілі на кірмашы-продажы беларускіх тавараў ва Уладзівастоку больш за $ 220 тыс.

Вытворцы Сінявокай зарабілі на кірмашы-продажы беларускіх тавараў ва Уладзівастоку больш за $ 220 тыс. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, падводзячы вынікі візіту дэлегацыі нашай краіны ў Прыморскі край.

Кірмаш-продаж і выстава сельскагаспадарчай тэхнікі сталі аднымі з галоўных падзей дзён Беларусі ў Прымор’і, якія адбыліся 5–10 кастрычніка. 18 беларускіх арганізацый і прадпрыемстваў прэзентавалі тут сваю прадукцыю, у іх ліку малочны холдынг «Бабушкина крынка», Бабруйскі, Магілёўскі мясакамбінаты, «Дамачай», «Чырвоны харчавік», «Стужка», «Бабруйскаграмаш», «Белшына».

«Мы бачым сваю нішу на Далёкім Усходзе. Яна досыць вялікая. Нам усім неабходна прасоўваць тут свой прадукт, вытоптваць сваю дарожку на гэты магутны рынак. Перспектывы ёсць. Вынікі кірмашу таму пацвярджэнне, – адзначыў Леанід Заяц. – Пра запатрабаванасць нашай прадукцыі гавораць і лічбы. Па выніках 7 месяцаў бягучага года экспарт беларускіх тавараў у Прыморскі край дасягнуў $ 13 млн з ростам 43% да аналагічнага перыяду мінулага года».

У цэлым, па словах Леаніда Зайца, візіт, які супаў з днямі Беларусі ў Прымор’і, прайшоў вынікова. Тут быў прадстаўлены гандлёва-эканамічны, культурны, спартыўны, інвестыцыйны патэнцыял нашай краіны, разгледжана шырокае кола пытанняў па ўзаемным супрацоўніцтве, пазначаны пэўныя вектары далейшага развіцця партнёрскіх узаемаадносін. 

Так, падчас пасяджэння рабочай групы дасягнута дамоўленасць працягваць супрацоўніцтва ў сферы ўзаемнага гандлю, прамысловай кааперацыі і сельскай гаспадаркі.

У галіне будаўніцтва даручана адпрацаваць умовы ўдзелу беларускіх будаўнічых і праектных арганізацый у будаўніцтве і рамонце аб’ектаў на тэрыторыі Прыморскага краю, а таксама ўзгадніць праектныя рашэнні па ўзвядзенні жылых дамоў з улікам кліматычных умоў рэгіёна.

Сфарміраваны і ўзгоднены пералік пастаўкі на 2022 год спецыяльнай, грузавой і дарожнай тэхнікі (336 адзінак), запатрабаванай у Прымор’і.

Прынята рашэнне аб неабходнасці актывізаваць стварэнне адзінага цэнтра па дэманстрацыі, продажы і абслугоўванні беларускай тэхнікі на тэрыторыі Прыморскага краю, які павінен адкрыцца ўжо ў наступным годзе.

ААТ «Магілёўліфтмаш» даручана прапрацаваць на 2022 год умовы адпраўкі ліфтавага абсталявання і ротарных парковак (у межах паездкі заключаны кантракт на пастаўку 20 ліфтаў з ТААСК «Аўрора»).

Канцэрнам «Белнафтахім» будуць прыняты меры па павелічэнні аб’ёмаў пастаўкі беларускіх шын, а Міністэрствам прамысловасці прааналізаваны стан тралейбуснага парку Уладзівастока і дадзены рэкамендацыі па яго мадэрнізацыі.

У сферы сельскай гаспадаркі даручана разгледзець прапановы прыморскага боку па праектаванні малочна-таварных ферм і іх камплектаванні беларускім даільным, халадзільным і стойлавым абсталяваннем. РУП «Інстытут пладаводства» працягне рэалізацыю праекта па закладцы фруктовага саду. Будзе прапрацавана пытанне стварэння на тэрыторыі Прымор’я прадпрыемства па выпуску малочнай прадукцыі на аснове сухога малака, у тым ліку марожанага. Працягнецца супрацоўніцтва і навуковыя даследаванні ў селекцыі беларускіх сартоў бульбы.

Па выніках пасяджэння рабочай групы быў падпісаны адпаведны пратакол, у якім знайшлі адлюстраванне ўсе пытанні, якія абмяркоўваліся, а таксама зацверджаны План мерапрыемстваў па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Усурыйскам і Бабруйскам на 2022 год.

Акрамя таго, шэраг дылерскіх дагавораў, кантрактаў на пастаўку прадукцыі, дагавораў аб намеры па супрацоўніцтве паміж беларускімі і прыморскімі суб’ектамі гаспадарання зацвердзілі падчас бізнес-форуму.

Варта адзначыць, што не проста так старшыня Магілёўскага аблвыканкама выступае куратарам супрацоўніцтва Беларусі з Прыморскім краем. Асновай развіцця і ўмацавання партнёрства стала шматгадовае сяброўства кіраўнікоў рэгіёнаў. У перыяд працы Алега Кажамякі на пасадзе губернатара Амурскай і Сахалінскай абласцей вялося актыўнае ўзаемадзеянне гэтых тэрыторый з Сінявокай. 

«У Амурскую вобласць мы пастаўлялі прадукцыю «Гомсельмаша», прадукты харчавання. За кароткі перыяд часу мясцовыя жыхары даведаліся, што такое Беларусь, – заўважыў Леанід Заяц. – Затым працягнулі супрацоўніцтва ў Сахалінскай вобласці. Наша краіна тут таксама пакінула добры след. Узвялі сучасны жывёлагадоўчы комплекс, заклалі сад, пабудавалі пасёлак – сахалінцы засяліліся ў новыя ўтульныя ўладкаваныя дамы. Укаранілі там айчынную тэхналогію вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Актывізавалі пастаўкі харчовых тавараў з Беларусі». Зараз сяброўскія адносіны садзейнічаюць паспяховаму развіццю эканамічных узаемаадносін паміж нашай краінай і Прыморскім краем. 

Дарэчы, плануецца, што ў 2022 годзе ў Беларусі пройдуць Дні Прыморскага краю. А найбліжэйшы візіт дэлегацыі з Прымор’я запланаваны на лістапад. У гэты час у Мінску пройдзе 27-я Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш «ПРАДЭКСПА-2021».

Вольга Емельянава, фота ул., primorsky.ru, vlc.ru 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая