RU BY EN 中文
Twitter Instagram

XIX Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» ў Клімавічах плануюць правесці 28–30 мая

Клімаўшчына планамерна рыхтуецца да сустрэчы XIX Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Пры спрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўцы знакавы форум пройдзе 28–30 мая ў Клімавічах.

Плануецца, што ў госці прыедуць юныя таленты з розных куткоў Беларусі, з Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Малдова, Арменіі і Узбекістана.

Як расказала намеснік старшыні райвыканкама Наталля Глушакова, складзена праграма свята. Пасля таго як госці ў пятніцу, 28 мая, атрымаюць акрэдытацыю, уладкуюцца ў месцах пражывання і трохі адпачнуць, будзе арганізавана конкурснае праслухоўванне і прагляд нумароў у жанрах «Вакальнае і харэаграфічнае мастацтва».

У першы дзень форуму ў гарадскім парку для ўдзельнікаў жанру «Выяўленчае мастацтва» пройдзе пленэр-конкурс «Які цудоўны гэты свет!».

З раніцы і да позняга вечара будуць працаваць творчыя пляцоўкі ўстаноў культуры вобласці. Клімаўчане і госці свята стануць удзельнікамі гульнявых праграм па матывах беларускіх народных казак.

На плошчы Вялікага Кастрычніка разгорнецца тэматычная пляцоўка Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь «Бяспечнае дзяцінства».

Па традыцыі ў райвыканкаме адбудзецца вечар знаёмстваў арганізатараў і гасцей фестывалю.

Завершыцца насычаны дзень святочным адкрыццём форуму «Залаты баль» і феерверкам.

У суботу, 29 мая, для журы і кіраўнікоў дэлегацый арганізуюць круглыя сталы. У гарадскім парку працягнуць сваю працу творчыя пляцоўкі ўстаноў культуры Прыдняпроўскага краю. Госці свята змогуць наведаць прэзентацыйныя выставачныя экспазіцыі ўстаноў адукацыі Магілёўскай вобласці.

На сцэне амфітэатра адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў форуму і гала-канцэрт, пасля чаго ўдзельнікі фестывалю развітаюцца з «Залатой пчолкай».

Вечарам будуць арганізаваны конкурс малюнка на асфальце і канцэртная дыска-праграма.

У нядзелю, 30 мая, у гарадскім парку будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка з удзелам творчых калектываў, гульнявых і акцёрскіх груп устаноў культуры і адукацыі раёна. Сярод юных клімаўчан правядуць конкурсную праграму «Міс «Залатая пчолка». Будзе дадзены старт моладзеваму марафону «Будучыня за намі». У канцэртна-забаўляльнай праграме прымуць удзел дзіцячыя і дарослыя творчыя калектывы Клімаўшчыны.

Мы і ў далейшым будзем знаёміць землякоў з навінамі, якія тычацца падрыхтоўкі і правядзення ў Клімавічах «Залатой пчолкі».

rodniva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая