RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як пачаўся адпачынак у дзіцячым аздараўленчым лагеры для дзяцей у Шклоўскім раёне

Проста «Космас»!

Адным з першых у рэспубліцы школьнікаў прыняў дзіцячы аздараўленчы лагер «Космас» у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Змена тут стартавала яшчэ ў суботу: 76 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 6 да 14 гадоў заехалі ў лагер і ўжо паспелі адчуць смак летняй пары. Шум, дзіцячы смех, гульні на прыродзе - у памяшканнях нікога не заспець.

Школьнікі прыкметна засумавалі па адпачынку, таму хутка развіталіся з бацькамі і разбегліся па лагеры, які амаль на тры бліжэйшыя тыдні стане для іх домам. Васьмігадовы Дзіма Варанкоў з аграгарадка Малыя Славені Шклоўскага раёна ў лагеры ўпершыню. Хлопчык радасна падцягваецца на турніках, смяецца - зусім стаміўся ад школы:
 
- Скончыў трэці клас, напружана было. Цяпер самы час адпачыць! Тут вельмі весела: шмат гульняў, рухі. А яшчэ зносіны з аднагодкамі.
 
Разам з хлапчуком - і новыя сябры. Цікаўлюся, як ім у лагеры, ды яшчэ без бацькоў. Дзятва наперабой дзеліцца эмоцыямі:
 
- Супер! Мы паспелі нават на дыскатэку схадзіць. У нас маса ўсякіх мерапрыемстваў. Учора, напрыклад, спявалі песні пра нашу Радзіму, праходзілі хвілінкі бяспекі. Тут можна гуляць на свежым паветры. У сталоўцы вельмі смачна кормяць. Бліны са згушчонкай - смаката!

Распарадак у лагеры стандартны: у 8 раніцы ўздым, ранішнія працэдуры, лінейка, зарадка, сняданак. Далей - гульні, конкурсы, спартыўныя святы. Абавязковыя ў спісе забаў дыскатэкі. Пасля іх вячэрнія працэдуры і ў 23:00 - адбой. Такі дакладны графік, лічыць 14‑гадовая Маргарыта Сенакосава з першага атрада, вельмі дысцыплінуе:
 
- Заўсёды ёсць заняткі - не засумуеш: валейбол, конкурсы, рухомыя гульні. Рыхтуемся да "Кососвидению": кожны атрад развучвае творчы нумар. У лягеры я ўжо чацьверты раз. Тут знаходжу новых сяброў, класна праводжу час.

Для хлопцаў у «Космасе» поўны рэлакс, на спартыўных пляцоўках аншлаг — аматары валейбола і футбола сфарміравалі каманды. Няхай наперадзе яшчэ 18 дзён адпачынку, але трэба шмат што паспець. Педагог-арганізатар Дар'я Шыматкова інтрыгуе - для дзяцей падрыхтавалі сюрпрызы:

- Усе пяць змен у нас - ваенна-патрыятычныя. Упор на акцыі, гульні, квэсты, прысвечаныя гэтай тэматыцы. Актыўна супрацоўнічаем з РАНС, ДАІ, вайсковай часткай. Гэта і прафарыентацыя, і забаўка ў адным флаконе. Наперадзе «Зарніца», касмічны «Форт Боярд». Дзецям сапраўды спадабаецца!

Асаблівасць гэтай летняй кампаніі ў тым, што ўпершыню лагер прыме пяць змен адпачывальнікаў замест чатырох. Усяго ў «Космасе» аздаровяцца 450 дзяцей з Магілёўскай вобласці. Да прыёму школьнікаў тут рыхтаваліся загадзя - абнавілі чатыры жылыя карпусы, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Добрыя ўмовы, свежае паветра разам з актыўнасцямі падораць дзецям зарад эмоцый на ўвесь год!
 
ЛІЧБЫ
 
У Магілёўскай вобласці на летніх канікулах плануюць аздаравіць амаль 46,5 тысячы школьнікаў. У кругласутачных лагерах пройдуць аздараўленне каля 18,8 тысячы школьнікаў і 27,6 тысячы - у дзённых.
 
У ТЭМУ
 
Крыніц патаннення пуцёвак для дзяцей шмат. Зрабіць больш даступным аздараўленне дапамагаюць прафсаюзы. Раённыя і гарадскія аб'яднанні прафсаюзаў Магілёўскай вобласці сёлета накіруюць 21 тысячу рублёў на летні адпачынак. У прыярытэце - шматдзетныя і малазабяспечаныя сем'і. Ільвіную долю расходаў на аздараўленчую кампанію бяруць прафсаюзныя пярвічкі прадпрыемстваў і арганізацый і галіновыя прафсаюзы ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі і галіновымі пагадненнямі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая