RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як студэнцкі атрад працуе на Магілёўскай фабрыцы марожанага

14 хлопцаў і дзяўчат з Магілёва і Магілёўскай вобласці, Новалукомля, Жодзіна, Чачэрска, Брэста працуюць у складзе студэнцкага атрада імя Героя Савецкага Саюза Івана Цярохіна на Магілёўскай фабрыцы марожанага. Такая практыка – не толькі спосаб зарабіць, але і магчымасць пазнаёміцца з тэхналагічнымі працэсамі, набрацца вопыту і, што немалаважна, навучыцца працаваць у камандзе.

Другакурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Вікторыя Грачова магла знайсці летнюю падпрацоўку ў родным Брэсце, але, калі даведалася, што студэнтаў запрашае Магілёўская фабрыка марожанага, адразу запісалася ў студатрад:

– Хто з нас у дзяцінстве не марыў працаваць на прадпрыемстве, на якім выпускаюцца прысмакі?! І вось – збылося.

З аднакурсніцай Аляксандрай Зайцавай Вікторыя пакуе марозіва, наляпляе этыкеткі. Увесь працэс – ад выпечкі вафельных шкляначак да запаўнення іх змесцівам і ўпакоўкі – аўтаматызаваны, звяртае ўвагу начальнік сектара маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці фабрыкі Юлія Румо:

– Але без людзей не абысціся. Трэба фасаваць гатовую прадукцыю ў скрынкі, сачыць за тым, каб не было браку. Студэнты пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў працуюць аператарамі лініі па выпуску марожанага і сыркоў, халадзільшчыкамі. Заробак – ад 450 рублёў.

На ўпакоўцы-фасоўцы пазменна працуюць у асноўным дзяўчаты. Першая змена доўжыцца з сямі раніцы да сямі вечара, другая (яна ж начная) – з 19:00 да 07:00.

– Калі працуем у першую, даводзіцца ўставаць а пятай гадзіне раніцы, калі ў другую – стараемся паспаць днём. Перабудавацца на начны рэжым было нескладана, – пераконваюць студэнткі. – Праўда, першыя дні ногі гулі таму, што за змену прысесці ўдаецца толькі на паўгадзіны, столькі часу адведзена на абед.

Калі дзяўчаты працуюць з гатовай прадукцыяй, то хлопцы, як правіла, задзейнічаны на складах, дзе патрэбна фізічная сіла і цягавітасць.

На вуліцы плюс 26, а на 20-гадовым Сямёне Вільнявецкім шчыльныя штаны і цёплая куртка:

– Мы, лічы, цэлы дзень знаходзімся ў халадзільніках-памяшканнях, дзе тэмпература каля мінус 18. Дастаўляем сюды скрынкі з марозівам, якія папярэдне заляпляем. Па заканчэнні ВНУ буду працаваць інжынерам-механікам халадзільных машын і установак. У будатрадзе не ўпершыню, летась на «Атланце» займаўся зборкай халадзільнікаў. На заробленыя грошы, дарэчы, купіў ноўтбук.

Ягора Лапухіна знаходзім у цэху сыравіны: студэнт прымае мяшкі з цукрам і сухім малаком:

– Адзін мяшок важыць каля 50 кілаграмаў, а я – 78. У дзень магу перанесці 20 мяшкоў. Але я не адзін іх цягаю, з напарнікам, так што на стомленасць не скарджуся. Паспяваю па вечарах (у мяне працоўны дзень з 08:00 да 16:30) у футбол з сябрамі пагуляць, а ў выхадныя родным дапамагчы: пакасіць траву ў вёсцы, участак апрацаваць.

Ягор, будучы інжынер па аўтаматызацыі харчовай і хімічнай прамысловасці, прызнаецца: у яго ёсць мара – назапасіць на аўтамабіль. У Яраслава Качанава з Лепеля машына ўжо ёсць, а на аўташколу ён зарабіў сам:

– Упершыню прыйшоў на фабрыку год таму. Адпрацаваўшы месяц у студатрадзе, потым папрасіўся грузчыкам. Паколькі вучуся на дзённым, паўгода працаваў па начах. Не кожную ноч, вядома, час ад часу адпачываў, затое назапасіў патрэбную суму, засталося здаць экзамен у ДАІ – і правы кіроўцы ў мяне ў кішэні.

СКАЗАНА

Сяргей Чычоў, першы сакратар Магілёўскага гарадскога камітэта БРСМ:

– У Магілёве ў складзе 50 студатрадаў – больш за 540 чалавек. За лета плануем працаўладкаваць больш за тысячу дзяцей. Атрады працуюць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, моладзь дапамагае ўзводзіць сацыяльна значныя для горада і вобласці аб’екты. Сёння, да прыкладу, гэта хірургічны корпус бальніцы № 1, а ў мінулым годзе будавалі кардыятэрапеўтычны і кардыяхірургічны корпусы Магілёўскай абласной бальніцы, шматфункцыянальны ФАК з басейнамі ў мікрараёне Фаціна. Працуюць нашы байцы і на рэспубліканскіх аб’ектах, такіх, як «Атлант», Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, «Гомельмаш», Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубронак». Будатрад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта «Тытан» на два месяцы адправіўся ў Якуцію на Усерасійскую студэнцкую будоўлю «Поўнач».

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая