Юбілейны 45-ы сезон у Магілёўскім лялечным тэатры адкрые тэатральныя сустрэчы «Лялькін куФЭр». Пра гэта паведамілі ва ўстанове культуры.

Мерапрыемства будзе праходзіць з 6 па 12 верасня і збярэ на сваёй сцэне тэатральныя калектывы з Брэста, Віцебска, Гомеля, Маладзечна, Мінска і Магілёва.

Як расказалі суразмоўцы, у рэпертуар фэста ўвайшлі пастаноўкі як для дзіцячай, так і для дарослай аўдыторыі. 

«Гэтыя тэатральныя сустрэчы асабліва важныя ў гэты год – Год народнага адзінства, калі ў нашай краіне назіраецца асаблівая цікавасць да такой сферы дзейнасці, – адзначылі ў лялечным тэатры. – Для ўсіх нас – гэта свята сапраўднага тэатральнага мастацтва, таму што ўсе яго ўдзельнікі – прафесіяналы, якія жывуць сцэнай і дыхаюць яе паветрам. Нашы сустрэчы даюць магчымасць судакранання розных тэатраў, розных поглядаў на творчасць, ствараючы адкрыты дыялог паміж усімі яго ўдзельнікамі з мэтай стварэння адзінай творчай прасторы».

Па словах арганізатараў «Лялькінага куФЭра» – гэта ўвасабленне даўніх задум, жаданне сабраць на адной сцэне найлепшых лялечнікаў Беларусі, прадставіць публіцы знакавыя спектаклі, якія праходзяць з нязменнымі аншлагамі.

Адкрыццё фэсту адбудзецца 6 верасня ў 17.00. У гэты час гасцей на прылеглай да лялечнага тэатра тэрыторыі будзе сустракаць ансамбль Jazz City Band. Антуражу дададуць «Жывыя статуі». У холе магілёўцы і госці горада змогуць азнаёміцца з інтэрактыўнай выставай і насценнай інсталяцыяй, прысвечанай тэатральным сустрэчам.

Адкрые праграму ўпадабаны маленькім гледачам спектакль Магілёўскага абласнога лялечнага тэатра «Самы маленькі самалёт на свеце» (рэжысёр Ігар Казакоў).

 

Ред.