RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жыхары Краснаполля ствараюць прастору для моладзі

Падчас адкрытых дыялогаў з насельніцтвам, сустрэч з кіраўніцтвам часта не толькі ўздымаюцца пытанні,якія хвалююць жыхароў рэгіёна,але і ўзнікаюць новыя натхняючыя ідэі. Маладзёжная прастора пад назвай «Разам» у Краснаполлі стала адным з такіх праектаў.

Тут можна будзе не толькі пагуляць у настольныя гульні, більярд, але і паглядзець кінанавінкі, пачытаць кнігі, выпіць гарачай гарбаты ці кавы. Крыху пазней тут плануецца праводзіць тэматычныя вечары, вечары караоке,рух «буккросінг». Уваход будзе платны, але па нізкай цане.

«Ва ўвасабленні гэтай ідэі нам дапамаглі мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі, –адзначыла першы сакратар РК ГА «БРСМ» Марыя Шайтура. – Аляксей Варапаеў дапамог у вырабе сталоў, лавак і паліц, Наталля Санько дапамагла купіць тканіну для далейшага пашыву з яе дэкаратыўных падушак, Ірына Камедзіна вылучыла на бязвыплатнай аснове ўсё неабходнае для падводу электрычнага току, а Аксана Раманенка дапамагла ў набыцці фарбаў, пэндзлікаў і іншых матэрыялаў. Акрамя таго, абласная асацыяцыя прадпрымальнікаў дапамагла ў набыцці 100 метраў кабеля».

Не засталася ўбаку і сама моладзь, для якой, у першую чаргу, і ствараецца пляцоўка. Яны неаднаразова прымалі ўдзел у афарбоўцы мэблі, сталоў. У рамонце памяшкання дапамагалі таксама работнікі МЦКіА «Міраж і раённага цэнтра культуры».

Спецыяльна для моладзевай прасторы быў абвешчаны конкурс на самы лепшы эскіз графіці, які затым пераможца зможа перанесці на сцены моладзевай прасторы. «Вельмі важна, каб прастора стваралася менавіта рукамі маладых людзей. Гэта не простабудзе цікава для іх, яны будуць шанаваць гэтае месца, – адзначыла Марыя Шайтура. – Акрамя таго, хацелася б сказаць, што мы адкрытыя для далейшай дапамогі ад усіх людзей, неабыякавых да жыцця Краснапольшчыны, гатовыя да сумесных дзеянняў. Калі раптам у вас ёсць настольныя гульні, у якія вы даўно не гуляеце, ці проста ёсць жаданне нам дапамагчы, вы можаце звярнуцца ў РК ГА “БРСМ”».

Зусім хутка на Краснапольшчыне з’явіцца новая моладзевая прастора, гатовая прыняць і аб’яднаць людзей розных узростаў. Хацелася б верыць, што ў далейшым яна стане адным з найбольш папулярных месцаў гарадскога пасёлка, месцам, дзе можна пагутарыць, завесці новыя знаёмствы і проста адпачыць.

redflag.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая