RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жывёлагадоўчая фабрыка ў Стайках: на Кіраўшчыне рэалізуецца інвестыцыйны праект

Сельскагаспадарчы філіял «Чыгірынка» РУП «Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт» – гаспадарка, якая стабільна працуе і развіваецца. На працягу шэрагу гадоў яна ўпэўнена рухаецца наперад, пастаянна ставячы перад сабой новыя задачы і, безумоўна, іх выконваючы.

Прыярытэтны кірунак у галаўнога прадпрыемства і філіяла – жывёлагадоўля. У гэтай галіне назіраецца станоўчая дынаміка дзякуючы строгаму захаванню тэхналогій, павелічэнню вытворчасці і якасці кармавой базы для грамадскага пагалоўя і іншым мерапрыемствам. Усё гэта, несумненна, станоўча ўплывае на дасягненне высокага эканамічнага эфекту.

Калектыў сельгасфіліялу на чале з дырэктарам Ігарам Кузняцовым пры зацікаўленасці і падтрымцы кіраўніцтва РУП «Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт» не збіраецца спыняцца на дасягнутым.

На сённяшні дзень у «Чыгірынцы» працягваецца рэалізацыя праекта «Рэканструкцыя жывёлагадоўчых комплексаў пад будынкі для ўтрымання рамонтнага маладняку ў аг. Стайкі», які разлічаны на 2021–2024 гады. Крыніцай фінансавання інвестпраекта з’яўляецца галаўное прадпрыемства філіяла. Агульны аб’ём інвестыцый складае 4300 тыс. рублёў. У мінулым годзе было асвоена 835 тыс. рублёў, або 104,4% да плана на 2021 год.

Ужо цяпер жывёлагадоўчы аб’ект у Стайках ўяўляе сабой свайго роду фабрыку па вытворчасці малака і вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Як расказала галоўная заатэхніка філіяла Ганна Каліноўская, тэхналогія вытворчасці на мясцовых комплексе і ферме – свайго рода замкнутае кола. На МТК у адрынах размешчаны дойны статак, а таксама абсталявана радзільнае аддзяленне. Пасля праведзеных работ па рэканструкцыі ў памяшканнях створаны выдатныя ўмовы для ўтрымання і кармлення жывёл. На МТФ рэканструяваны 3 памяшканні для ўтрымання маладняку. Тут працягваецца далейшы жыццёвы шлях нованароджаных цялят: яны праходзяць праз 5 асобных хлявоў (2 з іх таксама падлягаюць рэканструкцыі) – у кожным – у розным узросце.

На жывёлагадоўчых аб’ектах у Стайках працуюць дружныя і зладжаныя калектывы. Адказна выконваюць свае абавязкі брыгадзіры жывёлагадоўчых брыгад Наталля Іванчыкава, Святлана Іваніцкая, жывёлаводы Таццяна Шаболда, Іван Гузелевіч, Ала Манкевіч, Вікторыя Манетава, Святлана Епіхава, аператары машыннага даення Святлана Тамаровіч, Кацярына Сацук, Святлана Слабукова і іншыя.

Зараз вядуцца работы па рэканструкцыі Дома жывёлавода – асобнага памяшкання для работнікаў са стварэннем для іх палепшаных бытавых умоў.

kirovsk.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая