RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пасяўная ў Магілёўскай вобласці стартавала з Асіповіцкага раёна сімвалічным абрадам «Засеўкі»

Вясновая пасяўная кампанія ў Магілёўскай вобласці стартавала 21 сакавіка з поля ААТ «Асіповічыаграпрамтэхзаб». Звяртаючыся да аграрыяў, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў, што для правядзення яравой сяўбы ў сельскагаспадарчых арганізацыях рэгіёну ёсць усё неабходнае: тэхніка адрамантавана, гаспадаркі забяспечаны насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур.

Традыцыйна паўднёвыя раёны вобласці першымі пачынаюць цыкл вясенне-палявых работ. Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, сёння знакавы дзень для ўсяго рэгіёну:
 
- Думаю, у хуткім часе ў гэтую працу ўключацца і паўночныя раёны. Калі дазволяць умовы надвор'я, праз тыдзень да пасяўной падключацца Горкі, Касцюковічы і Клімавічы. Сёння мы спалучаем сучасную тэхніку, традыцыі і абрады нашых продкаў. Мы ўсё разумеем, як важная для нас вясновая пасяўная. За тры тыдні павінны закласці аснову не толькі гэтага, але і наступнага ўраджаю: падкарміць азімыя, пасеяць яравыя збожжавыя культуры і кукурузу. Наперадзе вялікі аб'ём працы. Гэтаму папярэднічала сур'ёзная падрыхтоўка. Усе спецыялісты працавалі на тое, каб зладжана і дружна правесці пасяўную.

Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама, сёлета рэгіён падрыхтаваўся да пасяўной лепш, чым у папярэдні год. Так, нарыхтавана больш угнаенняў, у страі тэхніка:

- У нас ёсць усё, каб правесці неабходны цыкл работ. Вынік, вядома, залежыць ад кожнага. У пасяўной кампаніі шмат складаючых, але ўсё, што залежыць ад нас, зробім. Нашы людзі добрыя і працавітыя. Галоўнае, каб было спакойна на нашай зямлі.

Самае галоўнае зараз, адзначаюць аграрыі, злавіць тую вільгаць, якая ёсць у глебе. Па плане сёлета ў Магілёўскай вобласці трэба пасеяць 339,3 тысячы гектараў, у тым ліку яравых збожжавых і зернебабовых культур на плошчы 151,3 тысячы гектараў, з іх ранніх яравых збожжавых і зернебабовых - 117 тысяч гектараў.

Кіраўнік ААТ «Асіповічыаграпрамтэхзаб» Фёдар Варабей, а гаспадарка першай пачынае засеўкі, адзначае, што план работ распісаны на кожны дзень. Працуюць там, дзе можна ўвайсці ў поле:

- Як толькі яно падсохла, пачынаем закрыццё вільгаці, а затым усе працэсы ідуць сваёй чаргой. Поле гатова, таму з яго і пачалі. Гэта 64 гектары, сеем зернебабовыя культуры: авёс і яравую віку. Праз пару дзён падсеем шматгадовую траву для малочнатаварнага комплексу. На ім 470 галоў дойнага статка. Мы падыходзім выбарча да правядзення пасяўной кампаніі, бо яшчэ шмат месцаў пераўвільготнена. Сёння старт пасяўной пачынаем з традыцыйнага абраду «Засеўкі» - на нашай тэрыторыі, на нашым полі, з нашымі лепшымі кадрамі!

Як адзначыў намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзмітрый Міхалёў, раён гатовы да правядзення веснавых палявых работ:

- Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае: угнаенні, насенны фонд, механізатарскія кадры, тэхніка. Сёлета нам неабходна пасеяць раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы больш за дзве тысячы гектараў, плюс кукуруза на зерне і на сілас. Энерганасычаная тэхніка гатова, таксама пасяўныя агрэгаты і плугі: у раёне 27 энерганасычаных трактароў, 14 пасяўных агрэгатаў. Акрамя гэтага, у жніўні мінулага года ўсе сельгасарганізацыі раёна ўвайшлі ў давернае ўпраўленне ЗАТ «БНБК». У бягучым годзе створана машынна-трактарная станцыя. У лізінг была набыта як энерганасычаная тэхніка, так і іншыя машыны для тых відаў работ, якія будуць праводзіцца ў гаспадарках. Дарэчы, павелічэнне адбылося па азімаму кліну пад ураджай гэтага года, плюс павялічваем пасеў кукурузы на сілас з улікам таго, каб стварыць трывалую кармавую базу для грамадскай жывёлагадоўлі і забяспечыць паўтарагадовы запас травяністых кармоў.

У полі блізу аграгарадка Забалацце пяць адзінак тэхнікі. Адным з трактароў з сеялкай кіруе механізатар Анатоль Крот. Складана ўявіць, але ў аграрнай галіне ён з 80-х гадоў. На памяці, кажа, было ўсякае:

- Клімат змяняецца, таму раней выходзім у поле. Зямля гатова, глеба сухая. Вядома, разумею ўсю адказнасць - стартуем жа першымі. Да таго ж хварэем душой за працу. Сеем, каб атрымаць добры ўраджай. Зробім усё, каб ён быў большы! Ад гэтага будзем толькі багацей.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая