Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з'яўляецца фундаментам адзінай эканамічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, заявіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка на сустрэчы з кіраўнікамі мясцовых органаў улады Беларусі і органаў дзяржаўнай улады суб'ектаў Расіі.

«У адпаведнасці з дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расея паставілі перад сабой шэраг важных арыенціраў, адзін з якіх – стварэнне адзінай эканамічнай прасторы. Мы перакананы, што менавіта міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з'яўляецца фундаментам адзінай эканамічнай прасторы, – падкрэсліў Анатоль Ісачанка. – Сёння Расія з'яўляецца галоўным гандлёва–эканамічным партнёрам Беларусі. Для павелічэння знешнегандлёвага абароту паміж нашымі краінамі суб'екты гаспадарання актыўна выкарыстоўваюць механізмы дзяржаўнай падтрымкі, прадугледжаныя ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нумар 534 і нумар 466. Шэраг расейскіх і беларускіх прадпрыемстваў актыўна выкарыстоўваюць названыя ўказы».


«Эфектыўным відам гандлёва–эканамічнага партнёрства стала стварэнне мультыбрэндавых цэнтраў беларускай тэхнікі ў Расіі. У лістападзе мінулага года мы з губернатарам Прыморскага краю адкрылі такі цэнтр недалёка ад Уладзівастока, – сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. – На пачатак бягучага года ў Расіі функцыянавала ўжо 11 мультыбрэндавых цэнтраў беларускай тэхнікі. І праца ў гэтым кірунку будзе працягнутая».

Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што эканамічныя сувязі нашых краін грунтуюцца як на імпартазамяшчэнні, так і на глыбокай прамысловай кааперацыі, рэалізацыі сумесных праграм, забяспечваючы тым самым сумесную тэхналагічную незалежнасць. А паглыбленню кааперацыйных сувязей садзейнічаюць пэўныя прэферэнцыйныя рэжымы, прадастаўленне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. «Інструменты такой падтрымкі разнастайныя: пачынаючы ад прадастаўлення субсідый для кампенсацыі часткі працэнтаў па банкаўскіх крэдытах, ільготнага крэдытавання, заканчваючы магчымасцю атрымання грантавай падтрымкі праектаў», – пералічыў ён.

У Магілёўскай вобласці, як і ў іншых беларускіх рэгіёнах, дзейнічае свабодная эканамічная зона, якая дае магчымасць карыстацца не толькі падатковымі і мытнымі льготамі, але і дае інвестару гатовую і развітую інжынерна–транспартную інфраструктуру. Па рашэннях Прэзідэнта і ўрада дзейнічаюць асаблівыя эканамічныя зоны ў рэгіёнах, з прэферэнцыямі і бюджэтнымі трансфертамі. У Магілёўскай вобласці гэта паўднёва–ўсходні рэгіён. І дзякуючы дзейным прэферэнцыйным рэжымам на гэтай тэрыторыі, у рэгіёне арганізаваны новыя сумесныя вытворчасці.

У якасці прыкладаў Анатоль Ісачанка прывёў некалькі прадпрыемстваў. «Флагман машынабудаўнічай галіны Магілёўскай вобласці і адзіны ў Беларусі вытворца ліфтавага абсталявання «Магілёўліфтмаш» адчыняе сумесныя прадпрыемствы ў Расеі, робячы нашы тэхналогіі даступнымі для расейскіх рэгіёнаў. Адзін з найстарэйшых рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» «Джакей пластык» – найбуйнейшы ў краіне вытворца пластыкавай тары для будаўнічых матэрыялаў – арганізаваў вытворчасць ва Ульянаўску. У сваю чаргу расійскія кампаніі прымаюць рашэнні аб размяшчэнні сваіх вытворчасцей на тэрыторыі Беларусі. «Дахавы завод ТехноНІКОЛЬ» і Завод палімерных труб групы кампаній СМІ стварылі свае прадпрыемствы на Магілёўшчыне».


Пры гэтым старшыня Магілёўскага аблвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць стварэння для ўсіх ігракоў роўных умоў. «На мой погляд, ліфтавую вытворчасць Беларусі і Расіі трэба аб'ядноўваць пад адзіныя правілы. Інакш на гэты рынак заходзяць іншыя краіны, падаючы тыя ці іншыя ўмовы, якія, на першы погляд, могуць быць і лепшымі, – сказаў Анатоль Ісачанка. – Тое ж тычыцца і вытворчасці нашай шыннай прадукцыі. Пакуль мы канкуруем сябар з сябрам, заходзяць іншыя вытворцы. І гэта сапраўды становіцца сур'ёзнай праблемай як для Беларусі, так і Расеі».

У сельскай гаспадарцы каля 5 працэнтаў прадпрыемстваў з расійскім капіталам. «Што датычыцца паўднёва–ўсходняга рэгіёна – намі створана новая падгаліна па вырошчванні рыб каштоўных парод ад матачніка па вытворчасці аплодненай ікры вясёлкавай стронгі да таварнай рыбы. Сёння нашы партнёры з Карэліі – мы пастаўляем іх малька з вялікім задавальненнем, выбудоўваюцца добрыя сувязі, – адзначыў ён. – Дзеючыя прэферэнцыйныя рэжымы дазволілі стварыць у Магілёўскай вобласці каля 540 арганізацый з расейскім капіталам, міжрэгіянальныя адносіны ўсталяваныя з 30 рэгіёнамі Расеі».

Завяршаючы сваё выступленне, старшыня Магілёўскага аблвыканкама падкрэсліў, што цяпер стаіць задача ўмацоўваць прамысловы патэнцыял, развіваць прадпрыемствы і тэрыторыі, нарошчваць міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, тым самым садзейнічаючы ўмацаванню эканамічнага фундамента Саюзнай дзяржавы.

Магілёўская вобласць прадстаўлена на выставе–кірмашы ў BELEXPO на XIII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Новыя дамоўленасці і планы. Як развіваецца ўзаемадзеянне Магілёўскай вобласці і рэгіёнаў Расіі

Анатоль Ісачанка наведаў выставу–кірмаш у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO

Магілёўская і Омская вобласці падпісалі План мерапрыемстваў па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве

БЕЛТА