Стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць выяўленне і развіццё таленавітай моладзі, рэалізацыю іх творчых магчымасцей, - адна з прыярытэтных задач сучаснага грамадства і ў тым ліку дзіцячых школ мастацтваў.

Рэалізацыю праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Магілёўскай вобласці ажыццяўляюць 42 установы.

Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з ліку навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія арганізуюцца ў гарадах і раёнах вобласці. Актыўная творчая дзейнасць дапамагае не толькі павышаць выканальніцкае майстэрства, але і садзейнічае раскрыццю творчага патэнцыялу юных выканаўцаў і папулярызацыі дзіцячай творчасці.

Сярэднюю спецыяльную адукацыю ў сферы культуры Магілёўскай вобласці забяспечвае ўстанова адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў», які мае дванаццаць калектываў з найменнем «народны», чатыры з якіх атрымалі званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

Навучанне ў каледжы мастацтваў вядзецца па 13 спецыяльнасцях профіляў адукацыі «Мастацтва і гуманітарныя навукі», «Сацыяльныя навукі, журналістыка і інфармацыя».

Кантынгент навучэнцаў фарміруецца на конкурснай аснове ў адпаведнасці з планам прыёму.

Каледж вызначаны базавай пляцоўкай для правядзення абласных семінараў настаўнікаў дзіцячых школаў мастацтваў. Для працы выкарыстоўваюцца розныя формы, якія дазваляюць знайсці індывідуальны падыход, улічваючы асобу вучня. У час семінараў праводзяцца канцэрты лепшых навучэнцаў каледжаў, майстар-класы, адкрытыя ўрокі. Выкладчыкі каледжа праводзяць індывідуальныя заняткі і кансультацыі з таленавітымі навучэнцамі дзіцячых школ мастацтваў.

Такая цесная сувязь паміж дзіцячымі школамі мастацтваў і ўстановай сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, якасная прафарыентацыйная работа дазваляюць штогод стопрацэнтна выконваць кантрольныя лічбы прыёму.