Сетка бібліятэк вобласці налічвае 294 установы, у тым ліку ў сельскай мясцовасці - 236. Жыхары аддаленых і маланаселеных пунктаў абслугоўваюцца бібліобусамі, якія цяпер працуюць у 16 раёнах вобласці і адзін у г. Бабруйску.

З мэтай прадастаўлення насельніцтву афіцыйнай і актуальнай прававой інфармацыі на базе бібліятэк дзейнічаюць 117 публічных цэнтраў прававой інфармацыі, з іх у сельскай мясцовасці - 77.

Сама сетка публічных бібліятэк на Магілёўшчыне пачала арганізоўвацца ў 1920-я гады. Паўсюдна адчыняліся хаты-чытальні, галоўнай задачай якіх з'яўлялася ліквідацыя непісьменнасці і палітычная прапаганда.

У студзені 1935 г. у Магілёве адкрыты філіял Дзяржаўнай бібліятэкі БССР ім. В.І. Леніна, які стаў метадычным цэнтрам для ўсіх бібліятэк вобласці. У сувязі з утварэннем Магілёўскай вобласці ў 1938 годзе філіял рэарганізаваны ў абласную бібліятэку імя У.І.Леніна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка стала адным з месцаў, дзе збіраліся магілёўскія падпольшчыкі. Яе супрацоўнікі ўваходзілі ў склад падпольных груп, з'яўляліся сувязнымі партызанскіх атрадаў. У гады акупацыі найбольш каштоўныя выданні былі захаваны бібліятэкарамі і магіляўчанамі. Дзякуючы гэтаму ўжо на пяты дзень пасля вызвалення горада ў чэрвені 1944 г. бібліятэка аднавіла працу.

У 1967 годзе для бібліятэкі быў пабудаваны новы трохпавярховы будынак па вуліцы Крыленкі, 8. Змянілася структура бібліятэкі, для чытачоў арганізаваны камфортныя чытальныя залы і абанемент.

Сёння ўстанова культуры «Магілёўская абласная бібліятэка ім. В.І. Леніна» - найбуйнейшы інфармацыйна-дакументны і культурны цэнтр рэгіёну, метадычны цэнтр фарміравання рэгіянальнай бібліятэчнай палітыкі. Праводзіць мэтанакіраваную работу па арганізацыі і правядзенні абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства, якія даюць магчымасць выяўляць інавацыйныя методыкі, сродкі і тэхналогіі работы, шляхі ўдасканалення бібліятэчнай дзейнасці.

У 2011 годзе створаны першы ў Беларусі Музейны пакой гісторыі кнігі і бібліятэкі – нагляднае ўвасабленне развіцця бібліятэчнай справы вобласці. Багатая гісторыя бібліятэкі, разнастайнасць і ўнікальнасць яе кніжнага збору дазволілі зрабіць Музейны пакой комплексным інфармацыйна-культурным і адукацыйным цэнтрам. У 2012 г. Музейны пакой атрымаў і віртуальнае ўвасабленне.

Ва ўстанове культуры «Магілёўская абласная бібліятэка ім. В.І. Леніна» створаны камфортныя ўмовы для абслугоўвання дзяцей і юнацтва: функцыянуюць аддзелы абслугоўвання дзяцей малодшага школьнага ўзросту і юнацкі, якія прадстаўляюць карыстальнікам увесь спектр сучасных бібліятэчных паслуг.

Краязнаўчая работа – важнейшы напрамак дзейнасці бібліятэк Магілёўшчыны. Камп'ютэрызацыя дазволіла вывесці краязнаўства на новы ўзровень: выкарыстоўваюцца сучасныя крыніцы інфармацыі, ствараюцца краязнаўчыя базы даных, летапісы вёскі, устаноў і арганізацый, віртуальныя экскурсіі, гісторыка-аналітычныя нарысы. Найбольш поўнымі электроннымі краязнаўчымі рэсурсамі абласной бібліятэкі з'яўляюцца базы даных: «Таленты пекла роднай зямлі», «Жывая памяць пакаленняў», «Турыстычная карта Магілёўшчыны», «Гастранамічны турызм», «Мастацкая палітра Магілёўскага краю», «Медыцынскія работнікі Магілёўскай вобласці», праект «Малая радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй», віртуальны музей народнага паэта Аркадзя Куляшова «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога», электронны даведнік па Магілёўскай вобласці «Літаратурныя прагулкі па родным краі» і інш.

Да 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне абласной бібліятэкай распрацаваны новы інфармацыйны рэсурс - ваенна-патрыятычны інтэрнэт-праект "Імёны Перамогі". Рэсурс створаны з мэтай захавання інфармацыі аб Героях Савецкага Саюза - ураджэнцах Прыдняпроўскага краю, удастоеных вышэйшага звання за доблесць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.

Да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава створаны віртуальны музей «Вернасць праўдзе».

У мэтах сістэматызацыі рэгіянальнай калекцыі краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў, створаных публічнымі бібліятэкамі Магілёўскай вобласці, і аб'яднання іх на адной інфармацыйнай платформе створаны інтэрнет-даведнік «Краезнаўчы партал Магілёўскай вобласці» (https://libmogilev.by/regionportal).

Адной з важных задач публічных бібліятэк з'яўляецца інфармацыйнае суправаджэнне як рэспубліканскіх мерапрыемстваў: Дзень беларускага пісьменства, фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі», так і рэгіянальных: свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі», Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка».

На сённяшні дзень дзякуючы працэсам інфарматызацыі, бібліятэкі пераўтварыліся ў сучасныя інфармацыйныя цэнтры, якія даюць доступ да рэгіянальных, нацыянальных і сусветных рэсурсаў.