Архіў навін

Ролю вучнёўскага самакіравання ў фарміраванні асобы і развіцці лідарскіх якасцей абмеркавалі сёння ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі. Мерапрыемства адбылося ў рамках I Рэгіянальнага форуму «Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці: Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянне. Вынік», які 18-20 красавіка праходзіць на Магілёўшчыне.
У Магілёўскай вобласці праходзіць рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу». Асаблівую ўвагу сёлета ў рэгіёне нададуць лясным тэрыторыям, якія найбольш пацярпелі пасля моцных вятроў, напрыклад, у Чэрыкаўскім раёне. Да аднаўленчых работ на тэрыторыі Верамейскага лясніцтва далучыліся каля 20 работнікаў Магілёўскага ДВЛГА. «Сёння працы ідуць на ўчастку плошчай 1, 4 га. Высаджваем ясені, дубы і елкі. Усяго тут будзе высаджана 7-7,5 тыс. саджанцаў і сеянцаў», - сказаў дырэктар Чэрыкаўскага лясгаса Аляксандр Жэбін.
У Магілёўскай вобласці ўдзельнікамі рэспубліканскага суботніка 22 красавіка стануць каля 270 тыс. чалавек. Пра гэта расказаў старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў.
На працягу трох дзён удзельнікі І Рэгіянальнага форуму «Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці: Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянне. Вынік» будуць абмяркоўваць актуальныя пытанні развіцця мясцовага самакіравання, абмяняюцца паспяховым досведам. Дэпутацкаму корпусу ў нашым рэгіёне ўдалося рэалізаваць шэраг праектаў, у якіх актыўна ўдзельнічае насельніцтва. Гэта конкурсы на лепшую тэрыторыю, на лепшы падворак, пад'езд.
На Магілёўшчыне пачалося адключэнне ацяплення ў жылфондзе. У абласным цэнтры адпаведнае распараджэнне падпісаў старшыня Маггарвыканкама Аляксандр Студнёў. З улікам існуючых умоў надвор'я і перспектыўнага прагнозу, з 17 красавіка пачалося планамернае адключэнне сістэм ацяплення другой чаргі: агульнагарадскія лазні, тэатры, установы адукацыі (за выключэннем школьных і дзіцячых дашкольных устаноў), інтэрнаты, жыллёвы фонд.
У Ніжагародскай вобласці (Расія) прайшлі Усерасійскі спаборніцтвы па грэка-рымскай барацьбе «Турнір памяці заснавальніка спартыўнай барацьбы ў г. Бор А.І. Серабракова». У спаборніцтвах прыняла ўдзел маладзёжная зборная Беларусі. На рахунку беларускай каманды 1 залаты, 1 сярэбраны і 4 бронзавыя медалі. Сярэбраным прызёрам турніру ў вагавой катэгорыі 72 кілаграмы стаў прадстаўнік Магілёўскай вобласці Аляксандр Пячурэнка. mogilevnews.by
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запрасіў юнакоў і дзяўчат прыняць удзел у міжнароднай асветна-патрыятычнай акцыі «Дыктант Перамогі», паведаміла сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова. Асноўныя задачы праекта - вывучэнне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, павышэнне гістарычнай пісьменнасці і патрыятычнага патэнцыялу беларускай моладзі.
27 тысяч гектараў ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур са 117 тысяч пасеялі ў рэгіёне на раніцу ўчарашняга дня. Экватар перасягнулі Асіповіцкі, Глускі і Чэрыкаўскі раёны. У структуры вясновай сяўбы ячмень займае 46 працэнтаў, зернебабовыя - 26, авёс - 17 і 11 працэнтаў - пшаніца.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка падпісаў указ нумар 109 «Аб кантролі за правядзеннем уступнай кампаніі». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Згодна з дакументам, створана дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўсіх этапаў уступнай кампаніі ў 2023 годзе, уключаючы цэнтралізаваны экзамен у рамках падагульняючай атэстацыі за курс сярэдняй школы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка падпісаў указ нумар 107 «Аб павышэнні пенсій». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Дакумент прадугледжвае пераразлік працоўных пенсій з 1 мая, у выніку якога яны павялічацца ў сярэднім на 5 працэнтаў. На выплату пенсій у маі будзе накіравана Br1,5 млрд, з якіх Br78 млн - дадатковыя расходы ў сувязі з павышэннем згодна з указам. Атрымальнікамі працоўных пенсій з'яўляюцца 2,3 млн чалавек. БЕЛТА