RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Праваслаўнае свята «Макавей»

Унікальны помнік прыроды рэспубліканскага значэння – Блакітную крыніцу (Слаўгарадскі раён) – штогод, па самых сціплых падліках, наведвае каля 50 тысяч чалавек. Амаль 5 тысяч з іх прыязджае сюды з Беларусі, Украіны і Расіі на праваслаўнае свята «Макавей» (прымеркаванае да Мядовага Спасу).

Па павер’і, у гэты дзень найчысцейшая вада адной з самых буйных крыніц не толькі ў нашай краіне, але і ва Усходняй Еўропе валодае асаблівай гаючай сілай. І калі тройчы акунуцца ў крыніцу, можна вылечыцца ад самай страшнай хваробы. Крыніца, якая не замярзае нават зімой, лічыцца эталонам чысціні. А абрад пакланення крыніцы ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Легенд аб Блакітнай крыніцы з даўніх часоў захавалася мноства. Паводле адной з іх, жыла ў гэтых краях дзяўчына Кацярына (яна з гэтага часу ўвекавечана ў драўлянай скульптуры). Палюбілася яна двум волатам: Сцяпану і Марку. Кацярына вырашыла зладзіць паміж імі турнір, паабяцаўшы кавалерам: хто далей закіне камень у крыніцу, той і стане яе суджаным. Паколькі яе сэрцу быў дарагі Сцяпан, яму яна дала невялікі і лёгкі камень, а Марку – цяжэйшы. Але, на здзіўленне дзяўчыны, далей удалося закінуць камень Марку. І тады няшчасная закаханая кінулася ў ваду і сама стала вадой, чыстай і блакітнай.