Рус Бел Eng 中文

Прамысловасць

У Магілёўскай вобласці вытворчасць прамысловай прадукцыі ажыццяўляе больш за 1600 прадпрыемстваў з колькасцю працоўных каля 125,6 тысяч чалавек (28,4% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы вобласці).

Прамысловы комплекс Магілёўскай вобласці вырабляе каля 9% рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі і фарміруе трэць валавога рэгіянальнага прадукту.

Асноўнымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца вытворчасць харчовых прадуктаў, гумовых і пластмасавых вырабаў, хімічная вытворчасць і вытворчасць машын і абсталявання. Сярод рэгіёнаў рэспублікі Магілёўская вобласць з’яўляецца галоўным вытворцам хімічных валокнаў (58,8%), цэменту (69,1%), жалезабетонных шпал (66,8%) і плодаагароднінных кансерваў (32,5%). У вобласці засяроджаны рэспубліканскі аб’ём вытворчасці ліфтаў і шын.

У прамысловым сектары рэгіёна вырабляецца таксама 29,7% рэспубліканскага аб’ёму паперы і кардону, 25,1% – кандытарскіх вырабаў з шакаладу і цукру, 23,2% – цэглы і блокаў будаўнічых, 18,6% – натуральнамалочнай прадукцыі.

Шосты год запар назіраецца станоўчая дынаміка развіцця прамысловай галіны. Па выніках 2016 года тэмп росту прамысловасці ў супастаўнай ацэнцы склаў 101,3%, за 2017 год – 105,7%, 2018 год – 103,8%, 2019 год – 100%, 2020 год – 103,4%. Па выніках працы за студзень–верасень 2021 г. індэкс прамысловай вытворчасці склаў 104,6%.

За апошнія пяць гадоў у вобласці павялічылася вытворчасць (у натуральным выражэнні) трыкатажных вырабаў (у 4,5 раза), раслінных алеяў (у 2,1 раза), сыроў (у 1,5 раза), хімічных валокнаў (у 1,4 раза), безалкагольных напояў (у 1,4 раза), натуральнамалочнай прадукцыі (у 1,4 раза), паперы і кардону (больш чым у 1,3 раза).

З мэтай прыняцця мер аператыўнага рэгулявання па збалансаваным развіцці эканомікі рэгіёна штогод фарміруецца План мерапрыемстваў па імпартазамяшчэнні Магілёўскай вобласці (без уліку рэспубліканскіх арганізацый).

Усяго за апошнія пяць гадоў (2016–2020 гг.) вобласцю выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на суму 2,9 млрд. долараў, пры гэтым вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі павялічылася з 460 млн. долараў у 2016 годзе да 672 млн. долараў у 2020 годзе.

Удзельная вага імпартазамяшчальнай прадукцыі ў аб’ёме прамысловай вытворчасці вобласці павялічылася з 23,4% у 2016 годзе да 28, 5% у 2020 годзе (ці на 5,1 працэнтных пункта). Доля паставак імпартазамяшчальнай прадукцыі на экспарт павялічылася з 44,7% у 2016 годзе да 52,1% у 2020 годзе (або на 7,4 працэнтных пункта).

На працягу шэрагу гадоў назіраецца станоўчая тэндэнцыя ўключэння малога і сярэдняга бізнесу ў засваенне, пашырэнне і нарошчванне вытворчых магутнасцей па вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. Так, калі ў 2016 годзе ў рэалізацыі рэгіянальнага плана мерапрыемстваў па імпартазамяшчэнні ўдзельнічала 32 арганізацыі малога і сярэдняга бізнесу (64% агульнай колькасці уключаных у план арганізацый), то ўжо ў 2020 годзе 68 арганізацый (72,3%).

У разрэзе прадпрыемстваў вобласці ў напрамку выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі паспяхова працуюць: ААТ «Бабушкина крынка» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкина крынка», ЗАТ «Сервалюкс Агра», СТАА «Аазіс Груп», ТАА «БелЭмса», ЗТАА «Кронаспан ОСБ», ТАА «Кронахем», ІПУП «Касметычна-парфумерная фабрыка «Сонца», ЗТАА «Кровельный завод «ТехноНИКОЛЬ», ЗАТ «Легпрамразвіццё», ААТ «Спецаўтатэхніка» і іншыя.

Паводле ацэнкі арганізацый за студзень–верасень 2021 г. выраблена прадукцыі імпартазамяшчальнага характару на суму каля 540 млн. долараў пры гадавым заданні 692 млн. долараў, што склала 78% выканання гадавога задання. Арганізацыямі малога і сярэдняга бізнесу ў межах плана мерапрыемстваў за студзень–верасень 2021 г. выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на суму каля 290 млн. долараў (53,7% у агульным аб’ёме вытворчасці Плана мерапрыемстваў).

Статьи: