RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёў і Магілёўскі раён

 

Магілёў заснаваны ў 1267 годзе

 

Магілёў – горад на ўсходзе Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Магілёўскай вобласці і Магілёўскага раёна. 200 км аддзяляе Магілёў ад сталіцы Беларусі Мінска, да Масквы па прамой – 520 км, да Санкт-Пецярбурга – каля 700 км, да Кіева – 380 км. Тэрытарыяльна горад падзелены на 2 раёны: Ленінскі і Кастрычніцкі.

 

Насельніцтва: 357,1 тыс. чалавек (на пачатак 2020 года)

 

Плошча: 118,50 кв. км.

 

Магілёў размешчаны на берагах ракі Днепр (трэцяя па велічыні рака ў Еўропе). У межах горада цякуць з поўначы на поўдзень і ўпадаюць у Днепр: справа невялікая рака Дубравенка і ручай Дзебра. За 5 км на захад ад Магілёва паралельна Дняпру з поўначы на поўдзень працякае яго правы прыток Лахва. За 5 км на ўсход ад горада пачынаецца рака Рудэя – правы прыток Расты (басейн Сожа). На Дняпры і Расце дзейнічаюць гідралагічныя пасты. На рацэ Дубравенка ў Пячэрскім лесапарку створана Пячэрскае возера (вадасховішча). На поўдні горада знаходзяцца натуральныя азёры – Святое і Грабянёўскае, якія прывабліваюць гараджан чыстай і празрыстай вадой. У пойме Дняпра сустракаюцца шматлікія азёры-старыцы і забалочаныя ўчасткі.

 

У горадзе залягаюць карысныя выкапні: мінеральныя воды і расолы. У наваколлі горада маюцца радовішчы цагельнай сыравіны, будаўнічага пяску і жвіру, балотных жалезных руд, прыдатных для вытворчасці фарбаў.

 

Транспарт: разгалінаваная сетка чыгуначных і шасэйных дарог, што разыходзяцца ад Магілёва ва ўсіх напрамках, звязвае яго з найбуйнейшымі прамысловымі і культурнымі цэнтрамі Беларусі, Расіі і Украіны. У горадзе арганізаваны аўтобусны і тралейбусны рух, а таксама рух маршрутных таксі. У некаторай ступені для ўнутрыгарадскіх перавозак пасажыраў выкарыстоўваецца чыгуначны транспарт. У межах горада размешчаны чыгуначныя станцыі: Магілёў 1, Магілёў 2, Лупалава, Магілёў 3, прыпыначны пункт Гарадшчына. За межамі горада знаходзіцца аэрапорт Магілёў, з якога арганізаваны чартарныя рэйсы на курорты Егіпта, Турцыі і Балгарыі. У турыстычных мэтах арганізавана судаходства па Дняпры.

 

Сайт Магілёўскага гарвыканкама: http://mogilev.gov.by/

 

 

Магілёўскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года

 

Адміністрацыйны цэнтр – горад Магілёў.

 

Магілёўскі раён быў скасаваны 16 верасня 1959 года, адноўлены 30 ліпеня 1966 года.

 

Магілёўскі раён размешчаны ў самым цэнтры Магілёўскай вобласці. Мяжуе з Бялыніцкім, Быхаўскім, Клічаўскім, Шклоўскім, Чавускім раёнамі Магілёўскай вобласці.

 

Насельніцтва: 42,1 тыс. чалавек (насельніцтва горада Магілёва на пачатак 2020 года).

 

Плошча: 1 895 кв. км.

 

Па тэрыторыі раёна працякаюць: галоўная рака – Днепр (левыя прытокі – Вільчанка, Паўна і Лазнёўка, правыя – Дубравенка, Лахва з Лахвіцай і Жыварэзкай). Яны перасякаюць раён з поўначы на поўдзень. На заходняй ускраіне цячэ рака Друць (прытокі – Арлянка і Грэза). На ўсходзе – рака Раста (прыток – Рудэя). Найбуйнейшыя вадаёмы – Безназоўнае возера і вадасховішча Рудэя.

 

Карысныя выкапні ў раёне: торф, пясок, гліна, мінеральныя воды.

 

Транспарт: праз раён праходзяць чыгункі на Асіповічы, Оршу, Крычаў, Жлобін, аўтадарогі на Бабруйск, Мінск, Оршу, Чэрыкаў, Гомель. На Дняпры ажыццяўляецца судаходства.

 

Сайт Магілёўскага райвыканкама: http://mogilev-rik.gov.by/

 

Славутасці Магілёва і Магілёўскага раёна

 

Герб горада Магілёва ўяўляе з сябе малюнак на блакітным фоне барочнага шчыта трох срэбных вежаў, у адкрытай браме сярэдняй знаходзіцца сярэбраны рыцар у даспехах з паднятым над галавой мячом. Уверсе над брамай на ўсечаным па сваёй аснове круглым чырвоным шчыце пад дахам цэнтральнай вежы знаходзіцца сярэбраны ўзброены вершнік з мячом і шчытом. Ніжні кут шчыта, аддзелены выявай вежаў, зялёны.

 

 

 

Сцяг горада Магілёва і Магілёўскага раёна  ўяўляе з сябе прамавугольнае палотнішча серабрыстага (белага) колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба горада Магілёва.

 

 

Герб Магілёўскага раёна ўяўляе сабой варажскі шчыт, перасечаны двума хвалістымі палосамі чорнага і зялёнага колераў. У верхнім полі размешчана фігура рыцара з мячом у паднятай руцэ, а ўнізе намаляваныя тры кветкі лёну.

 

 

Сцяг Магілёўскага раёна будзе блакітнага колеру, а ў яго цэнтры - герб раёна.