Курсанты і супрацоўнікі Магілёўскага інстытута МУС сабралі і перадалі магілёўскім бальніцам больш за Br1,6 тыс.
Магілёўскі інстытут МУС прыняў удзел у дабрачыннай акцыі «Міліцыя ўрачам», арганізаванай па ініцыятыве супрацоўнікаў міліцыі, а таксама афіцэрскіх сходаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў. Пра гэта паведамляецца на сайце навучальнай установы.
Праект-віктарыну «Вожык таксама хоча жыць!» запускаюць абласное ўпраўленне МНС і «Радыё Магілёў»
У сувязі з пажаранебяспечным становішчам у экасістэмах, а таксама напярэдадні працяглых выхадных дзён абласное ўпраўленне МНС сумесна з абласным радыё «Радыё Магілёў» запускае праект-віктарыну «Вожык таксама хоча жыць!». Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых. Галоўная мэта мерапрыемства – праз гумар і логіку дастукацца да кожнага і растлумачыць, чым небяспечныя пажары сухой расліннасці і да якіх трагічных наступстваў для прыроды і людзей яны могуць прывесці.
У Магілёве 20–22 красавіка тралейбусны маршрут № 4 будзе рухацца з прыпыначнага пункта «Любуж» да чыгуначнага вакзала
У сувязі з правядзеннем упраўленнем «Дарсэрвіс» ААТ «ДСТ №3» работ па ўкладцы асфальтабетоннага пакрыцця па вул. Першамайскай (ад зав. Транспартнага да чыгуначнага пераезду) з 9.00 да 20.00 20–22 красавіка тралейбусны маршрут №4 будзе ажыццяўляць рух з канчатковага прыпыначнага пункта «Любуж» да чыгуначнага вакзала (і назад). Пра гэта паведамілі ў аддзеле энергетыкі і транспарту ўпраўлення эканомікі гарвыканкама. У вышэйуказаны перыяд будзе арганізаваны рух аўтобуса № 32к «Чыгуначны вакзал – Чыгуначны пераезд».
Урад часова адвязаў павышэнне зарплат ад росту прадукцыйнасці працы
Урад часова адвязаў павышэнне зарплат ад росту прадукцыйнасці працы. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 16 красавіка 2020 года нумар 234 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Галоўны ўрач Магілёўскага абласнога анкадыспансера: спакой – найлепшы саюзнік у барацьбе з распаўсюджваннем інфекцыі
На працягу ўсёй сваёй гісторыі людзі перажывалі вайны, прыродныя і тэхнагенныя катаклізмы, пандэміі. Сёння мы змагаемся з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. І гэты ўдар трэба трымаць без панікі, псіхозу і інфармацыйных правакацый. Такое меркаванне выказаў галоўны ўрач Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера Сяргей Батоўскі.
Прадпрыемствы Магілёўскай вобласці запрашаюць на працу швачак для пашыву ахоўных вырабаў
Прадпрыемствы лёгкай прамысловасці Магілёўскай вобласці, якія арганізавалі пашыў ахоўных вырабаў у мэтах недапушчэння распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, адчуваюць патрэбу ў кадрах. Сёння імі заяўлена ў службу занятасці больш за 100 вакансій швачак, у тым ліку: ААТ «Магатэкс» (Магілёў) – 58 вакансій: тэл.(80222) 73 59 29; ЗАТ «Магілёўская швейная фабрыка “Вяснянка”» – 12 вакансій: тэл.(80222) 22 30 97; ААТ «Бабруйсктрыкатаж» – 20 вакансій: тэл.(80225) 70 88 35; ААТ «Славянка» (Бабруйск) – 20 вакансій: тэл.(80225) 70 79 75.
Педагогі Горацкага раёна пашылі 350 масак для ўрачоў
Да агульнабеларускай ініцыятывы дапамагчы медыцынскім работнікам далучаецца ўсё больш людзей. Работнікі ўстаноў адукацыі Горацкага раёна таксама далучыліся да акцыі «Дзякуй медыкам». У кабінеце начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама спецыялісты спакавалі для перадачы мясцовым медыкам 350 шматразовых ахоўных масак, якія зрабілі педагогі і выхавальнікі ўсіх школ і дзіцячых садкоў горада і раёна, а таксама падрыхтавалі пісьмовы зварот, словы падтрымкі медработнікам і цёплыя пажаданні.
Работнікі Дрыбінскага УКП «Бытпаслугі» асвоілі пашыў тканевых і марлевых масак
Работнікі Дрыбінскага УКП «Бытпаслугі» ўносяць свой уклад у работу па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі. Тут нядаўна асвоілі пашыў тканевых і марлевых масак.
«Гэта лепшы льнозавод ў краіне». Старшыня Магілёўскага аблвыканкама паглядзеў, як ідзе пасяўная ў ААТ «Горкілён»
Председатель Могилевского облисполкома Леонид Заяц, помощник Президента — главный инспектор по Могилевской области Александр Субботин ознакомились с ходом весенне-полевых работ в ОАО «Горкилен».
Гаспадаркі Магілёўскай вобласці завяршылі сяўбу ранніх збожжавых
Гаспадаркі Магілёўскай вобласці гэтай вясной пачалі палявыя работы значна раней, чым у папярэднія гады, і ўжо завяршылі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Як паведамілі ў аблсельгасхарчы, яны засеяныя на плошчы 124 тыс. га (110% да плана). У цяперашні час аграрыі прыступілі да сяўбы лёну (паводле даных на 16 красавіка, ён быў засеяны на плошчы 3,9 тыс.га – 50% ад запланаванага), цукровых буракоў (7%), кукурузы (1%). mogilevnews.by
У Магілёве да мая завершаць рамонт мемарыяла «Лупалаўскі лагер ваеннапалонных»
Мемарыяльны комплекс «Лупалаўскі лагер ваеннапалонных» адрамантуюць у Магілёве да пачатку мая. Як паведаміў гендырэктар УКП Магілёва Міхаіл Галушкоў, ужо да канца гэтага тыдня плануецца завяршыць рамонт унутры самога мемарыяла – замяніць плітку, сапсаваныя блокі ў сценах, гранітную пліту ля Вечнага агню і гэтак далей. Таксама будуць уладкаваныя і нядаўнія пахаванні астанкаў салдат, знойдзеныя падчас пошукавых работ і раскопак.
Кампанія «Дамачай» вырабіць да Вялікадня каля 20 тон кулічоў і пернікаў
Каля 20 тон кулічоў і іншай святочнай прадукцыі вырабіць ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”» да Вялікадня. Масава ў продаж велікодная здоба пачне паступаць з 17 красавіка, як заўважылі намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці кампаніі Вольга Цімафеенка.
Дэманстрацыйны кластар зялёных энергетычных тэхналогій ствараецца ў Касцюковіцкім раёне
Біягазавы комплекс магутнасцю каля 1000 кВт пабудуюць у Касцюковіцкім раёне. У якасці сыравіны будзе выкарыстоўвацца гной ад малочна-таварных ферм, якія належаць даччынай кампаніі Беларускага цэментнага завода, і пасляспіртавая барда Касцюковіцкага спіртзавода. Сухая барда выкарыстоўваецца ў якасці харчовай дабаўкі з высокім утрыманнем лёгказасваяльнага бялку для кармлення жывёл. Барду мяркуецца экспартаваць у Бранскую вобласць для прадпрыемстваў, якія займаюцца адкормам бычкоў для вытворчасці мармуровай ялавічыны.
Сэрвіс для анлайн-дыягностыкі сімптомаў каранавіруса стварылі ў Беларусі
Рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій кампанія Grin IT запусціла анлайн-сэрвіс sensmd.com для вызначэння групы рызыкі карыстальніка і верагоднасці яго заражэння COVID-19. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ПВТ. Sens MD – гэта бясплатны інструмент, які дазваляе рэгулярна ў хатніх умовах праводзіць анлайн-дыягностыку сімптомаў каранавіруса, а таксама атрымліваць рэкамендацыі па далейшых дзеяннях.
Беларусь атрымала больш за 10 тыс. тэстаў на каранавірус у якасці гуманітарнай дапамогі ад Кітая
Медыцынская гуманітарная дапамога з Кітая прыбыла сёння ў Беларусь. Самалётам у Нацыянальны аэрапорт Мінск дастаўлены груз з больш чым 10,7 тыс. тэст-сістэм для дыягностыкі каранавіруса. Пра гэта паведаміў намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Зяньковіч.
БЧ уводзіць новую схему рассаджвання ў вагонах
Білеты на паязды Беларускай чыгункі з нумараванымі месцамі з 15 па 29 красавіка будуць афармляцца з выкарыстаннем новай схемы рассаджвання ў вагонах, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ. «Рассаджванне па новай схеме - часовая мера. Яна дасць магчымасць пасажырам захоўваць неабходную сацыяльную дыстанцыю ў купэйных, плацкартных вагонах і ў вагонах з месцамі для сядзення, рэкамендаваную Міністэрствам аховы здароўя ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй», - растлумачылі ў прэс-цэнтры.
У Беларусі прыняты меры стымулявання да выкарыстання насельніцтвам электрычнай энергіі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка падпісаў указ нумар 127 «Аб пакрыцці расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Дакумент прыняты ў мэтах стымулявання насельніцтва да выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы. Гэта датычыцца аднакватэрных жылых дамоў.
Больш за 76 тыс. тэстаў на каранавірус праведзена ў Беларусі
У Беларусі на 15 красавіка праведзена 76198 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя. Для тэсціравання задзейнічаны 24 лабараторыі. Яны адкрыты як у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах і цэнтрах гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, так і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах. Зарэгістраваны 3728 чалавек з наяўнасцю каранавіруснай інфекцыі. У прэс-службе ўдакладнілі, што 68 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Тэлеканал «Беларусь 4 “Магілёў”» 16 красавіка наладзіць дамашні канцэрт
Тэлеканал «Беларусь 4 “Магілёў”» 16 красавіка наладзіць дамашні канцэрт. У чацвер у праграме «IV студыя» прымуць удзел музыканты з розных гарадоў Беларусі, але знаходзячыся не ў тэлестудыі, а ў сябе дома. Прамы эфір – на «Беларусь 4 “Магілёў”» і ў групе УКантакце–у 19.05. P.S. Калі вы музыкант і ў вас ёсць жаданне прыняць удзел у «Дамашнім канцэрце», які адбудзецца 23 красавіка, звяжыцеся з ТРК.
«Днепр-Магілёў» пачынае выступленне ў чэмпіянаце ў другой лізе. Каляндар матчаў
18 красавіка стартуе чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе. Турнір пройдзе ў кругі. Плануецца згуляць 22 матчы. Апошняя гульня запланавана на 3 кастрычніка. Паколькі ў групе «Б», дзе выступае «Днепр-Магілёў», няцотная колькасць каманд – 11, то кожны тур нейкая каманда будзе прапускаць. «Днепр» прапусціць першы тур і правядзе сваю першую сустрэчу дома ў другім туры 25 красавіка з камандай «Асіповічы».
Першы ў Магілёве электрычны дом здадуць у маі
Першы ў Магілёве электрычны дом здадуць у маі. Эксперыментальны трохпавярховік на 24 кватэры будуюць на вуліцы Вароўскага, як паведамілі ў аддзеле будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама. Зараз работнікі ААТ «Будтрэст № 12»уцяпляюць фасад і завяршаюць цагляны мур трэцяга паверха. Затым зоймуцца добраўпарадкаваннем. Дом будзе арэндным. Галоўная «фішка» новабудоўлі ў тым, што для ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы жыхары будуць выкарыстоўваць электраэнергію. У перспектыве з’явяцца і іншыя, праўда, гэта будуць ужо высоткі.
Моладзь Круглянскага раёна зрабіла шматразовыя медыцынскія маскі для работнікаў мясцовай бальніцы
Моладзь Круглянскага раёна зрабіла шматразовыя медыцынскія маскі для работнікаў мясцовай бальніцы. Сёння валанцёры ГА «БРСМ» перададуць іх у медыцынскую ўстанову. «Такім чынам навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Круглае» вырашылі паказаць, як правесці канікулы з карысцю для сябе і грамадства. Валанцёры спадзяюцца, што акцыю #Разам супраць віруса падтрымаюць усе неабыякавыя людзі», – адзначыў першы сакратар Круглянскага ГА «БРСМ» Ільдар Сцяпанаў.
Абласное ўпраўленне МНС сумесна і ААТ «Бабушкина крынка» запускаюць конкурс «Страва бяспекі»
Абласное ўпраўленне МНС і найбуйнейшая малочная кампанія Беларусі ААТ «Бабушкина крынка»з сённяшняга дня запускаюць конкурс«Страва бяспекі». Пра гэта паведаміла старшы інспектар ведамства Вольга Нехарошых. Прыняць удзел у творчым спаборніцтве можа любы жыхар рэгіёна. Для гэтага неабходна прыгатаваць страву на тэму бяспекі, зняць відэа ці зрабіць сэлфі, прымацаваць рэцэпт і даслаць да 24 красавіка на электронны адрас 275723@mail.ru.
«Славянка» выпусціла першую партыю касцюмаў біялагічнай абароны
Першую партыю касцюмаў біялагічнай абароны для сістэмы аховы здароўя Магілёўскай вобласці сёння выпусціла ААТ «Славянка». Пра гэта паведаміў дырэктар Бабруйскага тэкстыльнага прадпрыемства Тэймураз Бачарышвілі.
Прамую тэлефонную лінію 17 красавіка правядзе намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Марыненка
У пятніцу, 17 красавіка, прамую тэлефонную лінію правядзе намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Леанідавіч Марыненка. З 10.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 22-17-22 ён адкажа на актуальныя пытанні развіцця і падтрымкі прадпрымальніцтва.
У Магілёўскай вобласці зарэгістраваны 151 пацверджаны выпадак каранавіруснай інфекцыі
Паводле даных на раніцу 14 красавіка, у Магілёўскай вобласці быў зарэгістраваны 151 пацверджаны выпадак каранавіруснай інфекцыі. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў.
У Беларусі праведзена больш за 71,8 тыс. тэстаў на COVID-19
Па стане на 14 красавіка ў Беларусі праведзена 71 тыс. 875 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя. Для тэсціравання задзейнічаны 17 лабараторый. Зарэгістраваны 3281 чалавек з наяўнасцю каранавіруснай інфекцыі. «З іх шпіталізаваны 2444 чалавекі. У астатняй часткі пацыентаў захворванне праходзіць у лёгкай форме, яны лечацца амбулаторна», - удакладнілі ў прэс-службе.
Аляксандр Лукашэнка: у Беларусі прымаюцца ўсе неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання ўсялякіх інфекцый
У Беларусі прымаюцца ўсе неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання ўсялякіх інфекцый. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на рабочай сустрэчы членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якая адбылася ў рэжыме відэаканферэнцыі. «Хачу вас запэўніць, што ў Рэспубліцы Беларусь прымаюцца ўсе неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання ўсялякіх інфекцый. Яны поўнасцю адпавядаюць патрабаванням і нормам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Бессімптомная перадача каранавіруса можа адбывацца ў 70 працэнтах выпадкаў – вучоныя
На думку сінгапурскіх вучоных, перадача каранавіруса ад бессімптомных носьбітаў з'яўляецца адным з галоўных выклікаў барацьбы з ім, паведамляе ТАСС са спасылкай на газету The Straits Times. Вынікі даследаванняў паказваюць, што ад 50 да 70 працэнтаў ужо інфіцыраваных COVID-19 не маюць ніякіх сімптомаў, у такім стане яны могуць знаходзіцца да чатырох тыдняў, распаўсюджваючы пры гэтым вірус, адзначаюць сінгапурскія спецыялісты па інфекцыйных захворваннях.
Дабрачынны музычны анлайн-марафон у падтрымку медыкаў пройдзе 16 красавіка
Дабрачынны музычны анлайн-марафон «Дабро» пройдзе 16 красавіка ў падтрымку беларускіх медыкаў, а менавіта - для збору ахвяраванняў на закупку і вытворчасць сродкаў аховы, паведамілі арганізатары. «Медыкі, якія цяпер на перадавой барацьбы з пандэміяй, востра маюць патрэбу ў ахоўных сродках. Яны ж рызыкуюць кожны дзень, клапоцячыся пра нас з вамі. Мы хочам праз творчасць заклікаць людзей не заставацца ўбаку. А таксама падарыць 10 гадзін музыкі тым, хто ратуе жыцці ў час эпідэміі каранавіруса», - растлумачылі арганізатары.