RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці знайшлі спосаб з найменшымі выдаткамі аптымізаваць схемы цеплазабеспячэння

Сёлета фінішуе пяцігадовая Дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Замена трубаправодаў, якія выпрацавалі свой тэрмін і грэюць паветра, павінна прывесці да зніжэння страт цеплавой энергіі да 10 працэнтаў – такая планка ўстаноўлена распрацоўшчыкамі. У Магілёўскай вобласці асабліва затратнымі аказаліся цепласеткі ў пасёлках, якія ў 1990-я будавалі для перасяленцаў пасля аварыі на ЧАЭС, таму на іх аптымізацыю звярнулі асаблівую ўвагу.

Страты падземнага закладу

У пасёлак для перасяленцаў у аграгарадку Мішні Мсціслаўскага раёна Уладзімір Яскевіч пераехаў у 1991 годзе разам са сваімі аднавяскоўцамі з калгаса «Маладая гвардыя» Чэрыкаўскага раёна: пасля чарнобыльскай аварыі іх родныя вёскі былі пахаваныя. Зараз Уладзімір – галоўны па кацельнях у Мішнях і суседніх Андранах, куды таксама перасялялі сем’і з заражоных радыяцыяй тэрыторый. І ён добра памятае, чаму цеплавыя сеткі ў гэтых вёсках аказаіся такімі «пражэрлівымі»:

– Гэтыя пасёлкі будавалі з перспектывай: у Мішнях па праекце планавалася 370 катэджаў, а пабудавалі ўсяго 70. Трубы пад зямлёй ляжаць дыяметрам 30 сантыметраў, абматаныя шклаватай. Яны прадзіравіліся, кацельня грэла і ваду, якая зацякала ў корабы з трубой, і паветра. Уявіце: ад кацельні цеплатраса расцягнулася на тры з паловай кіламетры. Хтосьці з вяскоўцаў паставіў у дом кацёл і адключыўся ад цэнтральнага ацяплення. І вось ідзе цяпло па трубе: у адзін дом паступае, далей два адключаныя – суцэльныя страты, да 48 працэнтаў страт. Таму катэджы перавялі на індывідуальнае газавае ацяпленне. А кацельня цяпер ацяпляе толькі адміністрацыйны будынак гаспадаркі і сем шматкватэрных дамоў. Спраўляемся катламі на мясцовых відах паліва, а ў двух катлах на газе ўжо няма неабходнасці. Гэта значыць, мы і газ эканомім, які закуплялі за валюту, і страты цеплавой энэргіі звялі да мінімуму. А старыя трубы затым адкапаем і здадзім на металалом.

Адчуйце розніцу

Каб наглядна прадэманстраваць сітуацыю да і пасля, Уладзімір Яскевіч вядзе ў свой дом. Жонка Валянціна расказвае пра плюсы індывідуальнага ацяплення:

– Газавы кацёл шмат месца не займае, кіраванне вельмі простае: калі хочаш, уключай і ўстанаўлівай патрэбную тэмпературу. Асабліва зручна карыстацца ў рэжыме працеплівання. Раней, пакуль у райвыканкаме не дадуць каманду, кацельні тапіць не пачыналі. Цяпер, як гаворыцца, гаспадар – пан. Плюс гарачая вада. Розніца ў жыроўках нязначная: раней плацілі 30 рублёў, а цяпер – 40. 

У суседніх Андранах таксама ідзе аптымізацыя. Святлана Аўсіевіч разлічвае, што праблемы з перабоямі цяпла застануцца ў мінулым:

– На нашай вуліцы, мы бліжэй да кацельні, яшчэ нармальна, а вось на самай аддаленай – Набярэжнай – людзі скардзіліся на холад, ратаваліся абагравальнікамі. Думаю, цяпер будзе камфортней: усё ж такі пакуль наша кацельня пачынала тапіць па восені, у доме ўжо было сыра, таму тапілі «грубку», і па вясне тое ж самае.

Кожны год па дзяржпраграме ў рэгіёне неабходна аптымізаваць не менш за 4 працэнты цеплавых сетак – 93 кіламетры.

Складнікі эканоміі

– Кожны крок аптымізацыі цеплавых сетак будзем пралічваць да капейкі, – тлумачыць стратэгію энергазберажэння раённага маштабу намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Валерый Кочын. – Вось возьмем Андраны: 30 дамоў перавядзём сёлета на індывідуальнае газавае ацяпленне, напярэдадні столькі ж ужо перавялі. Для людзей гэта бясплатна, фінансаванне ідзе па дзяржпраграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Старая кацельня будзе ацяпляць шматкватэрныя дамы і буйныя сацыяльныя аб’екты: школу, дзіцячы сад, магазін, Дом ветэранаў. Эканомія за кошт мінімізацыі страт цеплавой энергіі атрымліваецца значнай. Але і гэта яшчэ не ўсё. Усе буйныя аб’екты ў Андранах раскіданыя па пасёлку, і будзе лепш пабудаваць сваю міні-кацельню каля кожнага з іх. З уводам Беларускай АЭС мы падлічым, што больш выгадна: кацельні на электрычнасці або на пелетах. Яшчэ стварылі ў жылкамгасе лесанарыхтоўчую брыгаду, каб не закупляць дровы ў лясгасах. Замянілі старыя трубы на ПІ-трубу (папярэдне ізаляваную): цепластраты знізіліся ў тры разы. Яшчэ адзін праблемны пасёлак – Разанцы: кацельня там пабудавана на мехдвары гаспадаркі на вялікай адлегласці ад дамоў. Будзем прадумваць эканомны праект цеплазабеспячэння і для гэтага населенага пункта. У самім Мсціславе мадэрнізацыя цеплатрасы набліжаецца да фінішу: засталося памяняць каля двух кіламетраў труб. Тэрмін акупнасці – ад 3 да 7 гадоў у залежнасці ад нагрузкі.

Як растлумачылі ва ўпраўленні ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама, па дзяржпраграме кожны год у рэгіёне неабходна аптымізаваць больш за 90 кіламетраў цеплавых сетак. У мінулым годзе па шляху пераводу жылля на індывідуальнае газавае ацяпленне пайшлі ў чатырох раёнах вобласці. Найбольш запатрабаваным такі спосаб стаў для Дрыбінскага раёна, у якім масава будаваліся пасёлкі для перасяленцаў пасля аварыі на ЧАЭС. Цеплатрасы, якія адслужылі сваё, былі замененыя на індывідуальнае газавае ацяпленне ў аграгарадках Белая, Міхееўка, Кароўчына, часткова ў Расне і Трылесіна. На бягучы год плануецца завяршыць аптымізацыю ў гэтых населеных пунктах, а на наступны застанецца Пудаўня. Гаворка ідзе пра сотні кватэр, у якіх стане цяплей, – на выбар гаспадароў, і пра сэканомленыя гігакалорыі, якія перастануць грэць паветра.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая