RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Мінску назвалі імёны пераможцаў конкурсу «Жанчына года 2019»: сярод найлепшых – прадстаўніцы Магілёўскай вобласці

У Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХІІ Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2019». За званне найлепшых у медыцыне, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, выхаванні дзяцей і адукацыі змагалася больш за 250 прадстаўніц прыгожага полу. Фіналы абласнога тура праходзілі ў рэгіёнах. У выніку вызначылі 38 пераможцаў, якім у сталіцы былі ўручаны дыпломы ў 5 намінацыях і знак-сімвал «Васільковая жар-птушка».

Сёлета цырымоніі папярэднічала ўзнагароджанне жанчын-медыкаў. БСЖ адзначыў іх самаадданую барацьбу з каранавірусам. У прыватнасці, узнагароду за працу атрымала урач-пульманолаг Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Алена Ткачова.

У намінацыі «Паспяховы кіраўнік» дыплома конкурсу была ўдастоена генеральны дырэктар кіруючай кампаніі-холдынгу «БабруйскАграМаш» Надзея Лазарэвіч.

Уладальніцай ганаровага тытула «Жанчына года-2019» у намінацыі «Лідар Беларускага саюза жанчын» стала начальнік упраўлення эканомікі Магілёўскага гарвыканкама, старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ала Багаценка.

«Трэба ўмець даводзіць усе пачатыя справы да канца. Гэта тычыцца прафесійнага, грамадскага і сямейнага жыцця, – лічыць Ала Багаценка. – На дзейнасць жанчыны заўсёды звяртаюць больш увагі, ці то рабочыя моманты, ці то грамадская дзейнасць. На сваім працоўным месцы я адказваю за адзін з самых важных паказчыкаў развіцця горада–эканамічны складнік. Мая праца патрабуе адказнасці. Але свет не павінен замыкацца вакол працы. Я ўдзячная абласной арганізацыі за тое, што менавіта мяне выбралі ў якасці лідара і прыкладу для актыўных жанчын Магілёва».

Ала Багаценка ўпэўнена, што падтрымка родных і блізкіх дапамагла ёй дамагчыся поспеху. «Вельмі ўдзячная сваёй сям’і. У мяне была магчымасць будаваць кар’еру і займацца любімай справай, калі мой сын быў яшчэ маленькім. І ў кожным пачынанні менавіта сям’я–гэта апора і падтрымка. Сын у мяне ўжо дарослы і самастойны. І калі раней ён прыходзіў да мяне па параду, то цяпер дзеліцца са мной сваімі ведамі і вопытам».

Неабходным жыццёвым аспектам Ала Багаценка лічыць сяброўства. «Сяброўскія і адэкватныя ўзаемаадносіны важныя як у калектыве, так і дома, –упэўнена яна,– таму што важна ведаць, што побач з табой ёсць людзі, на якіх можна спадзявацца. Мне вельмі прыемна адзначыць, што ў гарадскога саюза жанчын шмат сяброў, з якімі мы ладзім разнастайныя акцыі і мерапрыемствы. Праз тое, што мая прафесійная дзейнасць звязана з эканамічным жыццём горада, нашымі вялікімі памочнікамі сталі прадпрыемствы і арганізацыі горада, актыўна ўдзельнічае і малы бізнес».

«Нашы жанчыны дзіўныя. Яны не толькі ўважлівыя дочкі, клапатлівыя маці і добрыя жонкі. Яны дапытлівыя, крэатыўныя і смелыя. Яны прафесіяналы ў сваёй справе, адказныя, мэтанакіраваныя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Зараз жанчыны працуюць ва ўсіх сферах, пачынаючы сацыяльнай і заканчваючы цяжкай прамысловасцю. У іх хапае часу не толькі на кар’еру і сям’ю, але і грамадскую дзейнасць. Сучасная жанчына не застаецца ў баку ад праблем, яна імкнецца знайсці іх рашэнне. І я рада быць адной з такіх жанчын», – падагульніла Ала Багаценка.

Дыпломам у намінацыі «Матчына слава» была адзначана маці-выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела адукацыі спорту і турызму Касцюковіцкага раёна Ларыса Кірпічэнка.

Дыплом у намінацыі «Гаспадыня вёскі» атрымала аператар машыннага даення гаспадаркі «Рассвет імя Арлоўскага» Раіса Шкрадзюк.

«Усё жыццё ў сельскай гаспадарцы, каровамі займаюся. Як прыйшла на ферму ў маі 1983 года, так дагэтуль не магу пакінуць працу, – расказвае жанчына. – У мяне выдатная праца, без якой я сябе ўжо не ўяўляю, вялікая дружная сям’я–трое дарослых сыноў і пяць унукаў. Калі б не яны, наўрад ці б у мяне ўсё атрымалася».

Зараз Раіса Шкрадзюк працуе аператарам машыннага даення ў ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага». Яе працоўны дзень пачынаецца ў 5.30 і доўжыцца да самага вечара. «За кароўкамі, як за дзецьмі, трэба глядзець: мыць, прыбіраць, карміць, сачыць за здароўем. Яны ўсё разумеюць. Бывае, размаўляеш з каровай, а яна так ўважліва на цябе глядзіць, слухае. Мы да іх прывязваемся, а яны да нас. Вось такая ў нас дружба, – дзеліцца жанчына. – Тут без любові да сваёй справы, без уважлівых і адказных адносін ніяк нельга. Выкладваешся на поўную. А калі якая карова сябе дрэнна адчувае, перажываеш за яе».

У сям’і ў жанчыны пануюць любоў і разуменне. «Калі сыны былі маленькія, дапамагаў муж. Ён у мяне таксама з сельскай гаспадаркай быў звязаны і выдатна ведаў, што праца на ферме–цяжкая праца. Потым хлапчукі падраслі і таксама сталі дапамагаць: па хаце, па гаспадарцы, на ферму да мяне прыходзілі. А цяпер у іх свае сем’і, дзеці. Жывём дружна, паважаем адзін аднаго. Гэта галоўнае. Бо калі ў доме мір і спакой, на працы таксама будзе ўсё атрымлівацца».

Раіса Шкрадзюк падзялілася, што заўсёды прыемна, калі тваю працу не проста заўважаюць, але і даюць ёй высокую ацэнку. «Я так выхавана, што калі працаваць, то па сумленні. Трэба сумленна і адказна выконваць свае функцыі. За ўсю сваю працоўную дзейнасць я ні разу не спазнілася на працу. І, вядома, прыемна, калі кіраўніцтва прадпрыемства і ўсёй краіны высока ацэньвае твой уклад у агульную справу. Гэта зараджае сіламі і добрым настроем», – заключыла яна.

Не застаўся незаўважаным важкі ўклад жанчын Магілёўскай вобласці ў развіццё духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, дабрачынную і валанцёрскую дзейнасць. У намінацыі «Духоўнасць і культура» дыплома ўдастоена паэтка, ганаровы член Горацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ніна Кавалёва, на жаль, пасмяротна. Заслужаная ўзнагарода будзе перададзена ў Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей.  

Конкурс праводзіцца грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын» з мэтай заахвочвання жанчын краіны, якія дабіліся выдатных поспехаў у розных сферах дзейнасці. У ліку асноўных задач–дэманстрацыя ролі жанчын у сучасным грамадстве, іх укладу ў падтрыманне здароўя нацыі, выхаванне дзяцей, сацыяльна-эканамічнае і гуманітарна-культурнае развіццё Беларусі; павышэнне сацыяльнага статусу жанчыны і прыцягненне ўвагі да грамадскай значнасці ролі жанчыны; кансалідацыя намаганняў БСЖ, іншых грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый розных формаў уласнасці ў актывізацыі іх дзейнасці па паляпшэнні становішча жанчын, падтрымцы жаночых ініцыятыў па розных напрамках.

Па матэрыялах БЕЛТА, фота -  mlyn.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая