RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Падведзены вынікі раённага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядны цуд” на Краснапольшчыне

На конкурс 2022-2023 года трапіла 75 дэкаратыўных рукатворных работ. Сярод канкурсантаў – індывідуальныя ўдзельнікі з ліку насельніцтва, клубныя фарміраванні і іх кіраўнікі ўстаноў культуры раёна, удзельнікі аддзяленняў РЦСАН.

Лепшыя з работ былі прадстаўлены на раённай выстаўцы, якая была адкрыта для наведвальнікаў з 25 снежня па 18 студзеня. 

Сімвалы Новага года, сувеніры-ёлачкі, навагоднія кошыкі і кампазіцыі, навагоднія ўпрыгожванні ў выглядзе Дзедаў Марозаў, саламяных павучкоў, зорак, калядныя вяночкі і зоркі, пано, падсвечнікі і шмат яшчэ чаго можна было ўбачыць і набыць на выставе.

Дыпломамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама 1 ступені ў намінацыі “Якасць і майстэрства” адзначаны работы Лесюковай В. (кіраўнік гуртка ДПМ аддзялення для наведвання пажылых людзей Краснапольскага РЦСАН); Кандраценка А. У. і Васількова Л. У. (кіраўнікі клубных фарміраванняў Ленінскага і Горскага СДК); клубныя фарміраванні Ленінскага, Яноўскага, Горскага СДК; Паплыка Н. і Занудзенка С. (індывідуальныя асобы агр. Пачапы і Леніна).

Дыпломамі 2 ступені ў намінацыі “Якасць і майстэрства” адзначаны работы клубных фарміраванняў Казельскага СК, Пачапоўскага СДК. Дыпломам 3 ступені ў гэтай намінацыі адзначаны работы клубнага фарміравання Тур’яўскога СДК.

Дыпломамі 1 ступені ў намінацыі “Захаванне традыцый” адзначаны работы Крапіўніцкай Л. В. (Яноўскі СДК).

Дыпломамі пераможцаў у намінацыі “Калядны цуд” адзначаны работы Яноўскага СДК, Ленінскага СДК і гуртка аддзялення для наведвання пажылых людзей Краснапольскага РЦСАН.

Дадаткова падзякамі аддзела былі адзначаны Яноўскі, Горскі, Ленінскі СДК за актыўны ўдзел у конкурсе і папулярызацыю ДПМ сярод насельніцтва. Гэтыя ўстановы культуры прадставілі на конкурс работы не толькі членаў і кіраўнікоў сваіх клубных фарміраванняў, але і індывідуальных асоб соцыума, якія набылі ўмельства праз майстар-класы у клубных установах.

Свае фарбы, каларыт і настрой маюць Калядныя святы на Краснапольшчыне. 

Гэта і калядаванне, калі 6 студзеня ўвечары, або раніцай 7 студзеня з Каляднай зоркай пад вокнамі вясковых хат гучаць галасы з добрай і светлай звесткай: “Радуйся, ой, радуйся, зямля, Сын божы нарадзіўся”, ці калі 13 студзеня адчыняюцца дзверы хат для тых, хто шчадруе: “Добрый вечар, шчодры вечар”.

Гэта і фальклорныя калядныя праграмы ў сельскіх клубных установах, а ў раённым цэнтры культуры – пастаноўка навагодняй казкі для дзяцей і “Рождественский концерт” для дарослых.

Гэта цудоўна аформлены у РЦК “Офіс Деда Мароза”, дзе можна зрабіць добры фотаздымак і адшукаць свой падарунак ад Дзеда Мароза.

А яшчэ – гэта раздзеленая з усімі радасць рукатворных цудаў краснапольскіх аматараў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія ўжо не першы год трапляюць на конкурс-выстаўку “Калядны цуд”. Выстаўку звычайна наведваюць школьныя групы, сем’і і асобныя наведвальнікі розных узростаў. Тут заўсёды ёсць чаму падзівіцца і чаму павучыцца. А яшчэ – набыць добры сувенір ці падарунак. Сапраўдны, навагодні!

Цуды нам дораць не толькі святы. Цуды ствараюцца яшчэ і рукамі чалавека – з творчай душой і добрымі думкамі. Далучайцеся да творчасці, стварайце цуд уласнымі рукамі.

Валянціна Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”