RU BY EN 中文
Twitter Instagram

МНС нагадвае пра пажарную бяспеку пры ўборцы збожжавых культур

Найважнейшым этапам сельскагаспадарчых работ з'яўляецца ўборка ўраджаю. Адной з асноўных задач з'яўляецца правядзенне ўборачнай кампаніі ва ўмовах павышанай бяспекі. Як вядома, найбольшую шкоду ўраджаю і сельскагаспадарчай тэхніцы прыносяць пажары.

Як паказвае аналіз, асноўнымі прычынамі пажараў на збожжаўборачных камбайнах з'яўляюцца: кароткае замыканне электраправодкі, разрыў гідраўлічных шлангаў і пападанне масла на нагрэтыя паверхні рухавіка. А паколькі пры праверках часта выяўляецца, што некаторыя камбайны выходзяць у поле з неадрэгуляванай сістэмай змазкі, палівападачы, гідраўлікі, з прычыны чаго яны хутка пакрываюцца гаручым пылам, па якім агонь хутка распаўсюджваецца па ўсім камбайне. Часцяком камбайны выходзяць без першасных сродкаў пажаратушэння.

Не меншую пажарную небяспеку ўяўляюць сабой тэхналагічныя працэсы сушкі, ачысткі і захоўвання збожжа. Найбольш частай прычынай узнікнення пажараў і загаранняў з'яўляецца невыкананне рэжыму сушкі збожжа пры павышэнні тэмпературы цепланосьбіта ў сушылках. Як правіла, гэта адбываецца ў выніку парушэння абслуговым персаналам устаноўленага тэхналагічнага рэгламенту працы сушылак, што прыводзіць да загарання ўнутры збожжа, вываду са строю каштоўнага абсталявання і часам знішчэння ўсяго механізаванага комплексу.

Каб не адбылося падобных выпадкаў, усім працаўнікам сельскай гаспадаркі трэба памятаць, што выкананне правіл пажарнай бяспекі – абавязак кожнага, ад выканання якіх залежыць захаванасць ураджаю.

МНС нагадвае асноўныя патрабаванні ПРАВІЛАЎ ПАЖАРНАЙ БЯСПЕКІ пры правядзенні ўборачнай кампаніі:

– да пачатку ўборкі ўраджаю кіраўнік аб'екта павінен прызначыць адказных асоб за супрацьпажарную падрыхтоўку ўборачных машын і агрэгатаў, арганізацыю супрацьпажарнага інструктажу камбайнераў, машыністаў сушыльных комплексаў, вадзіцеляў, трактарыстаў, а таксама захаванне правілаў пажарнай бяспекі ў перыяд уборкі збожжавых;

– арганізаваць падрыхтоўку па праграме ПТМ камбайнераў, машыністаў сушыльных комплексаў, вадзіцеляў, трактарыстаў, а таксама службовых асоб, якія прыцягваюцца да ўборкі ўраджаю;

– з работнікамі, якія накіроўваюцца на працы па ўборцы ўраджаю, правесці супрацьпажарны інструктаж з адзнакай у часопісе рэгістрацыі супрацьпажарнага інструктажу;

– часовыя палявыя станы размяшчаць не бліжэй за 100 м ад хлебных масіваў, такоў, скірдаў сена або саломы і да т.п. Пляцоўкі, адведзеныя для палявых станаў, павінны быць ачышчаны ад іржышча і сухой травы і абараны паласой шырынёй не менш за 4 м;

– выпускныя трубы рухавікоў самаходных шасі, касілак, трактароў, аўтамабіляў і камбайнаў, якія ўжываюцца пры ўборцы хлеба, нарыхтоўцы грубых кармоў, павінны быць абсталяваны спраўнымі іскрагасільнікамі. Наяўнасць іскрагасільнікаў абавязковая і для трактароў, занятых на ўзворванні, калі гэтыя працы адбываюцца падчас жніва каля ўчасткаў з нязжатым хлебам або грубымі кармамі;

– вадзіцель транспартнага сродку з ДУЗ не радзей за 2 - 3 разы ў змену павінен чысціць паверхню рухавіка, калектара, выхлапной трубы, іскрагасільніка ад пылу, нагару;

– клемы акумулятараў, стартара дыстанцыйнага электрамагнітнага пускальніка і генератара трактароў, электракараў і іншых самаходных машын павінны быць абаронены ад пападання на іх токаправодных прадметаў;

– ачыстка ад пылу радыятараў рухавікоў пры дапамозе адпрацаваўшых газаў павінна праводзіцца па-за хлебнымі масівамі. Прымяненне адкрытага агню для выпальвання пылу ў радыятарах рухавікоў не дапускаецца;

– своечасова ачышчаць ад наматанай саломістай масы бітэры, саломанабівальнікі, транспарцёры, падборшчыкі, шнекі і іншыя рухомыя дэталі і вузлы камбайнаў і ўборачных машын.

– ТА, рамонт і стаянка ўборачных машын і агрэгатаў дапускаюцца не бліжэй за 30 м ад хлебных масіваў;

– у месцах уборкі збожжавых арганізаваць дзяжурства пажарнай аварыйна-выратавальнай або прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі, трактара, абсталяванага плугам. Прыстасаваная тэхніка павінна быць забяспечана вадой і пажарна-тэхнічным узбраеннем для мэтаў пажаратушэння;

– рух збожжаўборачнай тэхнікі здзяйсняць групамі з забеспячэннем суправаджэння пажарнай аварыйна-выратавальнай або прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікай;

– гатоўнасць у супрацьпажарных адносінах транспартных сродкаў (у тым ліку збожжаўборачных камбайнаў) да ўборачных работ, а таксама зернескладоў перад іх загрузкай праверыць камісіяй, склад якой зацвердзіць загадам кіраўніка аб'екта, са складаннем адпаведных актаў;

– перад паспяваннем каласавых палі ў месцах іх прылягання да лясных і тарфяных масіваў, аўтамабільных дарог і чыгунак абкасіць і абараць паласой шырынёй не менш за 4 м;

– курэнне, карыстанне адкрытым агнём, развядзенне вогнішчаў у хлебных масівах, на ўчастках скірдавання сена і саломы, а таксама на адлегласці менш за 30 м ад іх, выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, іржышча і пажніўных рэшткаў не дапускаюцца. На палявых станах курэнне дапускаецца толькі ў спецыяльна прызначаных для палення месцах на адлегласці не менш за 4 м ад тэхнікі (машын) і гаручых матэрыялаў;

– у палявых умовах запраўку палівам трактароў, камбайнаў і іншых машын рабіць палівазапраўшчыкамі пры заглушаных рухавіках. У начны час месца запраўкі машын палівам павінна асвятляцца.

Пры ўзнікненні пажару ў месцах уборкі ўраджаю механізатар абавязаны:

– падаць сігнал (гукавы, светлавы, сцяжкамі) вадзіцелю пажарнай або прыстасаванай для мэтаў пажаратушэння тэхнікі;

– прыступіць да тушэння пажару наяўнымі сродкамі пажаратушэння і вываду збожжаўборачнага агрэгата з хлебнага масіву, салому з саломанакапляльніка камбайна выкідваць пасля вываду агрэгата з хлебнага масіву;

– прыняць меры да абмежавання распаўсюджвання агню па хлебным масіве (абараць зону гарэння). Уздоўж абаранай паласы варта расставіць людзей для тушэння іскраў і падпаленых пучкоў саломы.